9 верасня вырашыцца лёс курапацкай варты



У Курапатах ужо 4-ты месяц актывісты працягваюць пратэст супраць прыдарожнага рэстарана «Поедем поедим», які адчыніўся за 50 метраў ад мемарыялу Курапаты.

У гэтым месцы інтарэсы ўлады і бізнесу спляліся. Таму на актывістаў складаюць пратаколы, іх садзяць на суткі, б’юць і калечаць. І ўсё гэта не без дапамогі міліцыянтаў і людзей у штацкім. За кучкай змагароў назірае пасіўна ўся краіна. Абараніць мемарыял Курапаты – гэта захаваць годнасць беларусаў у абароне памяці нявінна забітых нашых продкаў рукамі НКУС, кажа сустаршыня партыі БХД Павел Севярынец:

– Насамрэч Курапаты – гэта добры тэст, добрая праверка, хто гатовы стаяць за Радзіму. І таму тыя людзі, якія зараз стаяць, а іх падтрымлівае абсалютная большасць беларускага грамадства: мы гэта бачым па настроях, па каментарах, па тым, што людзі прыязджаюць, прывозяць ваду, паціскаюць рукі абаронцам. Дык вось тыя, хто стаіць, і ёсць аснова беларускага змагання сёння.

Аляксей Туровіч – рэжысёр «Жоўтага пясочка»:

– Галоўнае, у Беларусі сёння ведаюць, што такое Курапаты, ведае кожны і прыхільнік, і непрыхільнік.

Паводле Паўла Севярынца, у нядзелю, 9 верасня, вырашыцца лёс курапацкай варты. Калі на масавым мірным сходзе а 16.00 будзе пару дзясяткаў чалавек – гэта значыць, што нацыянальны некропаль сапраўды патрэбны ім.

«Калі нас будуць сотні і тысячы – мафія ўцячэ з Курапатаў», упэўнены палітык.

Беларускае Радыё Рацыя