90 гадоў з дня смерці Пётры Крэчаўскага



Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, паэт, гісторык, старшыня Рады БНР Пётра Крэчаўскі нарадзіўся 7 жніўня 1879 году ў вёсцы Дубна (сучасны Мастоўскі раён). Гэта ўстанавіла гісторык Лена Глагоўская. У гістарычных крыніцах адзначаецца таксама, што ён быў сынам вясковага дзяка Антона Крачэўскага, які служыў у адным з праваслаўных прыходаў у Кобрыньскім павеце Гарадзенскай губерні. Цікава, што і яго прозвішча ў розных крыніцах пішацца па-рознаму: у адных – Крэчаўскі, у іншых – Крачэўскі. Біяграфія выдатнага дзеяча шырокаму колу малаведама, энцыклапедыі і даведнікі падаюць дастаткова скупыя звесткі пра яго.

Пётра Крэчаўскі атрымаў пачатковую адукацыю ў Верхалескай школе Кобрыньскага павета, затым вучыўся ў Жыровіцкай духоўнай вучэльні. Пасля паступіў у Літоўскую духоўную семінарыю ў Вільні, якую скончыў ў 1902 годзе. Нейкі час настаўнічаў у Беластоцкім і Ваўкавыскім паветах. У 1909-14 гадах працаваў у Віленскім дзяржаўным банку. Перад першай сусветнай вайной працаваў настаўнікам на Беласточчыне, у Ялоўцы. З 1914 года быў на вайсковай службе. Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917-га ў Расейскай імперыі стаў старшынём Барысаўскага савету салдацкіх і рабочых дэпутатаў. Быў дэлегатам Усебеларускага з’езду 1917 года. У 1918 годзе ўвайшоў у склад кіраўнічых органаў БНР, быў у складзе Народнага сакратарыяту, дзяржаўным кантралёрам, народным сакратаром фінансаў, народным сакратаром гандлю і прамысловасці, узначальваў Цэнтральную беларускую гандлёвую палату. Стаў адным з лідараў Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў.

13 снежня 1919 года Крэчаўскі быў абраны прэзідэнтам Рады БНР, выконваў гэтую пачэсную місію да канца жыцця. З 1920 года быў на эміграцыі ў Літве, Чэхаславаччыне. У Празе стварыў Прадстаўніцтва Рады БНР, разгарнуў шырокую дыпламатычную дзейнасць, наладзіў інфармаванне заходнееўрапейскіх краін пра становішча ў БССР і Заходняй Беларусі. Адназначна асудзіў ганебную Рыжскую дамову 1921 года, паводле якой падзялілі беларускія землі. Дзеля гэтага адмыслова склікаў з 26 верасня па 30 верасня 1921 года Першую Нацыянальна-палітычную нараду беларускіх арганізацый з акупаванай бацькаўшчыны і з-за мяжы, якая асудзіла змову і пацвердзіла ідэалы незалежнасці Беларусі. Таксама асудзіў рашэнні Другой Усебеларускай канферэнцыі, якая прайшла ў 1925 годзе ў Берліне. Крэчаўскі ўсімі сіламі актыўна супрацьдзеіў бальшавіцкаму ціску, скіраванаму на ліквідацыю Ураду БНР, прынцыпова не прызнаў легітымнасці БССР.

Пётра Крэчаўскі дамогся ад ураду Чэхаславаччыны стыпендыяў для беларускіх студэнтаў, хоць сам жыў досыць бедна. Стварыў Беларускі архіў у Празе. У 1926 годзе выдаў палітычна-навуковы альманах “Замежная Беларусь”. Крэчаўскі – аўтар вершаванай паэмы “Рагнеда”, вершаў, розных перакладаў з чэшскай і украінскай моваў. Каштоўнасць маюць і яго працы “Беларусь у мінулам і сучаснам (нарыс географічнага, гістарычнага і эканамічнага доследу)”, “Гісторыя беларускай кнігі”, “Мандаты Б. Н. Р.”, “Скарына і незалежнасьць”. 

 

Марка, выпушчаная беларускай эміграцыяй

Памёр прэзідэнт БНР Пётра Крэчаўскі 8 сакавіка 1928 году ў Празе, пахаваны на вядомых Альшанскіх могілках. На магіле адметны помнік, памяць у сучаснай Беларусі пра гэтага выдатнага дзеяча не ўшанавана ніяк. Толькі ў прыватным Старадарожскім музеі захоўваюцца некалькі партрэтаў Крэчаўскага.

Магіла Пётры Крэчаўскага на Альшанскіх могілках

Беларускае Радыё Рацыя