95-годдзе Лагішынскага антыбальшавіцкага паўстання



На Палессі ў мястэчку Лагішын 95 год таму пачалося ўзброенае паўстанне супраць бальшавікоў. Напрацягу ўсёй савецка-польскай вайны (1919-1921), мясцовыя жыхары трымалі абарону ад Чырвонай Арміі.

“Лагішынцы арганізавалі моцны партызанскі атрад і нават разбілі часткі Тухачэўскага, якія рухаліся на Варшаву”, – распавёў краязнаўца Эдвард Злобін:

– Бальшавіцкія войскі пятага Заходняга фронту былі з Лагішына выгнаны. І тады ж у Лагішыне быў створаны партызанскі атрад, які змагаўся за незалежнасць. Асабліва цяжкія баі тут былі ў 20-м гаду. Нават існуе такая брашура, выдадзеная ў савецкай Расеі, значна пазней, у якой апісаны знакаміты лагішынскі бой, калі мясцовы атрад выбіў войскі Тухачэўскага. У Лагішыне захаваліся могілкі таго часу.

У восень 1939 году, пад час паходу ў Заходнюю Беларусь, Чырвоная Армія заняла Лагішын, але амаль 15 год мясцовыя жыхары аказвалі супраціў новай уладзе. Толькі ўлетку 1954 году бальшавікам удалося знішчыць антысавецкі атрад, які ўзначальваў настаўнік гісторыі Лазіцкі.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя