95-ыя ўгодкі з Дня нараджэння Васіля Быкава



95-ыя ўгодкі з Дня нараджэння славутага пісьменніка і грамадскага дзеяча Васіля Быкава адзначылі на Ушаччыне.

Імпрэза адбылася ў вёсцы Бычкі на тэрыторыі былой школы, дзе калісьці навучаўся пісьменнік. На мерапрыемства з’ехалася каля 100 чалавек з розных гарадоў і вёсак Віцебскай, Менскай абласцей ды з самой сталіцы. І гэта прытым, што сёлета прэмію імя Васіля Быкава „За свабоду думкі” не ўручалі.

Імпрэза распачалася з выступу лідара Руху „За свабоду” Юрася Губарэвіча, які прывітаў прысутных і распавёў пра значнасць асобы Васіля Быкава для беларусаў і яго ўклад у накірунку свабоды і дэмакратыі:

– Адбылося цудоўнае мерапрыемства на радзіме Васіля Быкава. Ужо не першы год мы збіраемся тут, актывісты Руху „За Свабоду” з Віцебска, з Менска. Запрашаем сяброў, праводзім летнік для моладзі, раней праводзілі прэмію. Не так істотна якія мерапрыемствы спадарожнічаюць гэтай даце. Галоўнае, што нас аб“ядноўвае – гэта імя Васіля Быкава. Як раз у гэтыя дні адзначаецца гадавіна з дня яго нараджэння – 95 гадоў, а таксама гадавіна смерці, якія амаль супалі. Гэта была добрая нагода, каб узгадаць творчасць і грамадска-палітычную дзейнасць спадара Быкава.

Падчас імпрэзы выступілі літаратары і прачыталі ўрыўкі з твораў Васіля Быкава, а таксама прысвечаныя яму вершы. Потым барды і музыкі Георгі Станкевіч, Андрусь Такінданг і Зміцер Бартосік праспявалі для прысутных свае песні. Быў таксама і “свабодны мікрафон”.

Імпрэза скончылася агульнай бяседай і экскурсіяй у музей імя Васіля Быкава для ўсіх жадаючых прыезджых. А ўшанаваць памяць Васіля Быкава прыехалі нават раварысты з Полацка і Лепеля, якім давялося праехаць 50 і 60 км адпаведна.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя