99-я ўгодкі Слуцкага збройнага чына
У Беларусі адзначаецца неафіцыйны Дзень герояў. 27 лістапада 1920 г. – пачатак Слуцкага Збройнага Чына. У гэты дзень Слуцкая Брыгада БНР прыняла першы бой з войскамі Чырвонай Арміі.
Баі працягваліся да снежня. Сфармаваныя пераважна з сялянаў падраздзяленні ваявалі за незалежнасць Беларусі.
Традыцыйна напярэдадні ўшанавання герояў Слуцкага збройнага чыну Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла выступіла з заявай, у якой заклікала годна адзначыць чарговыя ўгодкі паўстання.
„Як і кожны год у гэты восеньскі месяц, – адзачаецца ў заяве, – Беларусы з удзячнасьцю прыпамінаюць і аддаюць чэсьць сваім слаўным Случчаком, якія пайшлі змагацца пад бел-чырвона-белым сьцягам за сваю зямельку. Пайшлі ўміраць каб жыла Беларусь!”
Нагадаем, Менскі аблвыканкам дазволіў Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных ушанаванню памяці герояў Слуцкага Збройнага чыну. Адзначэнне адбудзецца 1 снежня ў некалькіх населеных пунктах Менскай вобласці.
Беларускае Радыё Рацыя
