ААН прызнала затрыманне журналіста Ігара Лосіка парушэннем міжнароднага права
Рабочая група Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па адвольных затрыманнях прызнала, што ўрад Беларусі парушыў міжнароднае права ў галіне правоў чалавека, кінуўшы за краты журналіста Ігара Лосіка, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.
У заяве гаворыцца, што незаконнае затрыманне Ігара Лосіка сведчыць пра тое, што Лукашэнка працягвае наступ на свабоду прэсы ў Беларусі. «На жаль, Ігар толькі адзін з многіх журналістаў, якія знаходзяцца ў зняволенні ў краіне, якая неаднаразова выкарыстоўвала судовую сістэму для пакарання іншадумства. Заклікаем урад выканаць рашэнне Рабочай групы і неадкладна вызваліць Лосіка», – адзначаецца ў заяве ААН.
Нагадаем, Ігару Лосіку прысудзілі 15 гадоў пазбаўлення волі па «справе Ціханоўскага». Пазней 2 гады пазбаўлення волі прызначылі яго жонцы — Дар‘і. Чатырохгадовая дачка Лосікаў Паўліна цяпер знаходзіцца з бабулямі і дзядулямі.
Беларускае Радыё Рацыя