Абарона Кацярыны Андрэевай мае намер абскардзіць прысуд



Абарона журналісткі тэлеканала „Белсат” Кацярыны Андрэевай мае намер абскардзіць прысуд, вынесены ёй 18 лютага судом Фрунзенскага раёна Менска. Пра гэта БелаПАН паведаміў адвакат Андрэевай Сяргей Зікрацкі.

„Мы першапачаткова абмяркоўвалі з Кацярынай, што абскардзім любы прысуд, за выключэннем апраўдальнага, незалежна ад санкцыі. Тут санкцыя дастаткова жорсткая, таму, натуральна, будзем абскарджваць”, — сказаў адвакат.

Паводле яго слоў, Андрэева была гатовая да абвінаваўчага прысуду і „стойка гэта ўспрымае”. „Яна выдатна разумела, што можа быць рэальны тэрмін, што яна журналіст і да яе прыцягваецца павышаная ўвага, — адзначыў Зікрацкі. — Яна мяркуе, што працавала так, як павінна была працаваць, яна распаўсюджвала праўду, таму ёй няма чаго баяцца”.

18 лютага суд Фрунзенскага раёна прыгаварыў журналістак тэлеканала „Белсат” Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову да двух гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.

Журналісткі прызнаныя вінаватымі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць парадак, спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады і якія мелі вынікам парушэнне працы транспарту, актыўны ўдзел у такіх дзеяннях).

Андрэева і Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года пасля жывога эфіру (стрыму) з месца разгону сілавікамі дэманстрантаў — на сімвалічнай „плошчы Перамен” у Менску (двор на вуліцы Чарвякова). Сваёй віны яны не прызналі.

У абарону журналістак выступіла беларуская і сусветная медыйная супольнасць, Еўразвяз, АБСЕ і іншыя міжнародныя арганізацыі. Праваабаронцы прызналі Андрэеву і Чульцову палітвязнямі.

belapan.by