Абарона Вітольда Ашурка абскардзіла прысуд



Адвакат гарадзенскага абласнога каардынатара руху „За Свабоду” Вітольда Ашурка абскардзіла прысуд, паведаміў БелаПАН брат актывіста Андрэй Ашурак.

Скарга пададзеная ў Гарадзенскі абласны суд.

Паводле слоў Андрэя Ашурка, брат пераведзены ў Гародню, у турму № 1. „Фізічны стан Вітольда нармальны, настрой бадзёры”, — адзначыў ён, але выказаў асцярогу, што брата можа турбаваць артэрыяльны пратэз у назе.

Андрэй Ашурак сумняваецца, што прысуд будзе перагледжаны: „Хіба што замест пяці гадоў дадуць сем. Гэта ж палітычная справа. Калі б гэта было рабаванне, знайшлі б змякчальныя абставіны. А ў Вітольда ў руках быў мегафон”.

18 студзеня суд Лідскага раёна (Гарадзенская вобласць) прыгаварыў Вітольда Ашурка да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса) і нападзе на міліцыянера (арт. 364 КК). Яго паплечнікі заявілі аб палітычнай падаплёцы справы.

Падтрымаць Вітольда Ашурка ў суд прыйшло каля 70 чалавек, яны сустрэлі прыгавор воклічамі „Ганьба!” і „Жыве Беларусь!”. Па факце паводзін у зале суда распачатая справа па ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства, учыненае групай асоб). Падазраваным па ёй праходзіць, у прыватнасці, журналіст Юрый Дзяшук.

belapan.by