Абаронцы Курапатаў абвясцілі пра пачатак кампаніі грамадскага байкоту 



Абаронцы Курапатаў абвясцілі пра пачатак кампаніі грамадскага байкоту забаўляльнага комплексу з рэстаранам „Поедем, поедим”, а таксама яго ўладальнікаў і ўсіх, хто звязаны з яго працай.

Як паведаміў 18 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Курапатах сустаршыня аргкамітэта партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец, сёння накіраваныя звароты ў чатыры кампаніі, якія пастаўляюць прадукцыю ў рэстаран, — „Лідскае піва”, „Марозпрадукт”, „Е-дастаўка” і VINO&VINO. „Калі яны не пагодзяцца з нашым патрабаваннем спыніць супрацоўніцтва з забаўляльным комплексам у Курапатах, мы будзем заклікаць не купляць іх прадукты”, — сказаў Севярынец.

Абаронцы Курапатаў таксама маюць намер звяртацца ў пасольствы еўрапейскіх краін з просьбай ўвесці візавыя абмежаванні ў дачыненні да ўладальнікаў комплексу і тых, хто ладзіць правакацыі супраць актывістаў, якія рэгулярна дзяжураць ва ўрочышчы.

Паводле слоў Севярынца, паколькі дзяржструктуры замоўчваюць праблему размяшчэння рэстаранна-забаўляльнага комплексу ў месцы масавых расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій, абаронцы Курапатаў будуць настойваць на тым, каб дзяржава дзейнічала больш актыўна ў вырашэнні гэтага пытання.

Пасля прэс-канферэнцыі актывісты плануюць наведаць Адміністрацыю прэзідэнта і перадаць туды зварот. У ім змяшчаюцца патрабаванні: ануляваць усе рашэнні, звязаныя з дазволам будаўніцтва ў ахоўных зонах мемарыялу Курапаты; абавязаць Міністэрства культуры вярнуцца да праекта ахоўных зон, распрацаванага ў 2003 годзе; прызнаць незаконным будаўніцтва забаўляльнага комплексу.

Аналагічны зварот будзе перададзены ў Генпракуратуру, Камітэт дзяржкантролю, Мінкультуры і Мінаблвыканкам.

belapan.by