Абаронцы Курапатаў былі пакараныя ў суме 115 суткамі арышту



З пачатку акцыі супраць працы каля ўрочышча Курапаты пад Менскам рэстарана „Поедем поедим” яе ўдзельнікі правялі ў ізалятарах у суме больш за 100 дзён, заявіў на прэс-канферэнцыі ў Менску 11 кастрычніка пазаштатны карэспандэнт газеты „Новы час”, адзін з каардынатараў актывістаў Дзяніс Івашын.

Пратэсты супраць працы рэстарана „Поедем паедим” ва ўрочышчы Курапаты, дзе расстрэльвалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, доўжацца з 31 траўня.

„За гэтыя 130 дзён абароны актывісты і ўдзельнікі адчулі на сабе пераслед. На „сутках” і ў ізалятарах да суда яны адседзелі ў суме 115 сутак, агульная колькасць адміністрацыйных штрафаў — прыкладна 20 тысяч рублёў. Гэта вельмі істотныя фінансавыя і іншыя фактары, якія сведчаць пра тое, што для нашай дзяржавы гэта справа мае палітычны падтэкст. На жаль, улады праявілі сябе не як рэферы, які змог бы гэта заканадаўча ўрэгуляваць, а наадварот”, — сказаў Івашын.

Ён прэзентаваў базу дадзеных наведвальнікаў, работнікаў і персаналу рэстарана, пастаўшчыкоў і абслуговых арганізацый. Паводле слоў Івашына, ён карыстаўся выключна адкрытымі крыніцамі інфармацыі. „Машыны ўсіх, хто заязджае на тэрыторыю рэстарана, фіксуюцца, і інфармацыя пра іх трапляе ў базу дадзеных”, — патлумачыў каардынатар.

Маніторынг актывісты праводзяць з пачатку чэрвеня. Зараз у іх базе больш за 600 фіксацый. З іх да кліентаў мае дачыненне каля 400. У сярэднім на тэрыторыю комплексу заязджае не больш як дзевяць машын. Сярод наведвальнікаў як беларускія грамадзяне, так і замежнікі.

Івашын падкрэсліў, што за разгалашэнне персанальных дадзеных грамадзян у Беларусі заканадаўча ўстаноўленая адказнасць. Таму актывісты пакуль не будуць размяшчаць інфармацыю ў адкрытым доступе, аднак не выключаюць гэтага, калі адзначаныя ў якасці наведвальнікаў „не ўсведамляюць свае паводзіны”, дадаў ён.

Паводле слоў сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца, абаронцы Курапатаў плануюць працягваць вахту каля рэстарана „Паедзем паядзім” па меншай меры да Дзядоў (дзень памінання продкаў, які адзначаецца 2 лістапада).

belapan.by