Абаронцы Курапатаў будуць трымаць варту да „Дзядоў”



Абаронцы Курапатаў правялі пашыраны сход-пратэст перад брамай забаўляльна-рэстараннага комплексу “Поедем поедим”.

Гаворыць актывістка абароны Курапатаў Ганна Шапуцька:

– Хацелі, каб прыйшло шмат людзей, каб не было, сапраўды, камяню дзе ўпасці. Гэта наша мара, так павінна быць. Кожны чалавек павінен прыйсці сюды і сказаць “Не!” гэтаму злачынству. Былі рэпрэсіі, затрымалі лідара абароны Курапатаў Паўла Севярынца. Затрымалі Дзяніса Урбановіча, Максіма Вінярскага. Інфармацыя пра затрыманне пайшла. Людзі застрашаны. Я лічу, што сённяшні народны сход, ну, не быў дарэмным, сапраўды, і ён будзе новым штуршком дзеля змагання са злом, якое тут умацавалася даволі моцна.

Акцыі пратэсту супраць працы рэстарана „Поедем поедим” ва ўрочышчы Курапаты  будуць прадоўжаны, заявіла Ганна Шапуцька: „Абарона працягваецца, спыняцца мы не збіраемся. Мы будзем трымаць варту да „Дзядоў”, нягледзячы ні на рэпрэсіі, ні на затрыманні.”

Штодзённы пратэст супраць адкрыцця забаўляльнага комплексу побач з месцам масавых расстрэлаў ахвяр палітычных рэпрэсій пад Менскам доўжыцца чацвёрты месяц.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск