Баявая нічыя



Вынікі перамоў у гарвыканкаме: будаўнічыя працы ля Курапатаў прыпыненыя на тыдзень, лагер застаецца.

Па словах сустаршыні Беларускай хрысціянскакй дэмакратыі Паўла Севярынца, размова працягвалася паўтары гадзіны і была няпростай. Але магчымасць дамовіцца ўсё ж такі застаецца:

– Нашая пазіцыя – трэба спыніць будоўлю і трэба аднавіць ахоўныя зоны з тым, каб мы далей маглі ісці да будаўніцтва мемарыялу. Ідэя пра мемарыял уладамі ўжо ўспрынятая, але што тычыцца канкрэтнай забудовы, тут пайшла размова на сустрэчных курсах, як кажуць. Кіраўніцтва горада і раёна настойвае на тым, што ўсё там законна. Упіралі на тое, што касцей там няма. Мы казалі, што гаворка ідзе не пра пахаванні, ні пра косці, а пра ахоўную зону і пра павагу да Курапатаў.

Адным з вынікаў сустрэчы з’явілася тое, што будаўніцтва офіснага цэнтру пакуль на некаторы час прыпыненае. Прадстаўнікі Менгарвыканкаму правядуць кансультацыі з Міністэрствам культуры і іншымі ведамствамі. Магчыма, будзе арганізаваны круглы стол на гэтую тэму.

Як сказаў Павел Севярынец, з боку Менгарвыканкаму гучала прапанова зачыніць лагер абаронцаў Курапатаў. „Мы размаўлялі з абаронцамі. Яны здымуцца толькі тады, калі будзе пісьмовае рашэнне аб скасаванні працаў і будзе зняты плот вакол будоўлі,” – сказў Павел Севярынец.

Як адзначыў Аляксей Янукевіч, Шорац разумее, што тэма будоўлі каля Курапатаў выйшла на нацыянальны ўзровень.

12:30

Павел Севярынец сказаў, што пратэстоўцы не згодныя здымаць свой лагер ля Курапатаў, пакуль не разабраная будаўнічая пляцоўка.

12:10 

Павел Севярынец паведаміў, што кіраўніцва горада і раёна настойваюць на тым, што ўсё там законна, яны прасілі зняць лягер абаронцаў.

«Настойваюць, што там няма костак у гэтай зямлі, што горад павінен разбудоўвацца. Думаю, што вынік такі: баявая нічыя і перспектыва дамовіцца ёсць, лагер застаецца», — сказаў Севярынец пра сустрэчу ў гарвыканкаме.

Патрэбны шырокі круглы стол з удзелам усёй грамадскасці, заявіў Павел Севярынец.

Севярынец заклікаў да мітынгу ў пятніцу а 18-й гадзіне ля будпляцоўкі.

12:00

Аляксей Янукевіч распавёў пра вынікі перамоў у Менскім гарвыканкаме. Канчатковага рашэння няма:

„Было шмат аргументаў з боку ўладаў, было імкненне «забалтаць» тэму, увесці ў нейкія дробязі. Мы настойваем, што Курапаты – гэта нацыянальная каштоўнасць.

На сённяшні момант канчатковага рашэння няма. Я лічу, добра, што Менгавыканкам гатовы да дыялогу. Пакуль працы будаўнічыя прыпыненыя. Як мінімум цягам тыдня. Але гэта нельга лічыць канчатковай перамогай».

Янукевіч перакананы, што пратэсты маюць свой плён, улады вымушаныя прыслухоўвацца да людзей.

10:30

Прапускаюць чатырох абаронцаў, якія запісаныя ў спісе, астатнія застаюцца ў холе. Абаронцу Курапатаў Яна Кравапуска, старшыню Таварыства аховы помнікаў Антона Астаповіча і блогера Антона Матольку таксама не пусцілі.

Пакуль сустрэча не пачалася, Павал Севярынец патэлефанаваў і сказаў, што чатыры абаронцы Курапатаў, унесеныя ў спіс для сустрэчы са старшынём гарвыканкама, чакаюць ля кабінета і будуць патрабаваць, каб прапусцілі жыхароў, журналістаў і іншых людзей, якія знаходзяцца ў фае, паведамляе „Свабода„.

10:00

Абаронцаў лагера, якія ўжо дзясяты дзень нясуць вахту ля будаўнічай пляцоўкі, прадстаўляюць у Менгарвыканкаме сустаршыня БХД Павел Севярынец, кіраўнік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, гісторык і публіцыст Марат Гаравы і жыхар аднаго з суседніх да Курапатаў дамоў Юры Сцепанішчаў.

Падтрымаць перамовы з менскімі ўладамі прыйшло каля 20 чалавек. Аператыўнікі ў цывільным вядуць відэаздымкі. Людзі паводзяць сябе спакойна. У холе ўсіх на відэа здымае міліцыянт.

8:30

Абарона Курапатаў працягваецца. Мінулай ноччу ў лагеры абаронцаў заставалася каля 20 чалавек, ніякіх здарэнняў з вечара да раніцы не было.

А 8-й раніцы людзі сабраліся на малітву.

Абаронцы спадзяюцца на станоўчае рашэнне старшыні Менскага гарвыканкама Андрэя Шорца, да якога сёння ідуць чатыры іх прадстаўнікі. Перамовы абаронцаў Курапатаў са старшынём Менгарвыканкама прызначаныя на 10 гадзін.

«Просім тых, хто падтрымлівае, журналістаў і блогераў быць у 09.40 ля галоўнага ўваходу ў Менгарвыканкам», — заклікае прыйсці на падтрымку ўсіх неабыякавых Павел Севярынец.

Будаўніцтва замарожанае з мінулай пятніцы, частка тэхнікі выведзеная.

Пра сітуацыю, якая склалася вакол Курапатаў, выказаўся міністр унутраных спраў. Ён  лічыць, што каля Курапатаў ідзе законнае будаўніцтва, а пэўная група людзей хоча гэтаму будаўніцтву перашкодзіць.

Пратэсты на будаўнічай пляцоўцы трываюць ужо другі тыдзень. Гэта не першы раз, калі Курапаты бароняць ад будаўнікоў. Больш за пятнаццаць гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасня 2001 года да 3 чэрвеня 2002 года.

Беларускае Радыё Рацыя