Абаронцы Курапатаў: На міліцыю мы не спадзяёмся



На міліцыю не спадзяёмся – кажуць абаронцы Курапатаў. Іх лагер уначы спрабавалі разбурыць  з крыкамі «Слава России!» і «Белая раса!». Прыкладна а 4-й гадзіне на лагер абаронцаў напала група з 15 невядомых у масках і з драўлянымі бітамі. На той момант у лагеры знаходзілася каля дзясятка чалавек. Міліцыя не абароніць у такой сітуацыі, яна толькі перашкаджае,– сказаў у нашым эфіры сустаршыня Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.

– Гэтыя людзі не спыняцца. Яшчэ пазаўчора менавіта пад наглядам міліцыі электрыкі адключалі ліхтары каля намёта. Каб не было бачна, што там адбываецца, асабліва ноччу. Зло любіць цемру. Гэта рабілі міліцыя, гарадскія службы і вось зараз гэтыя невядомыя нападнікі. Таму, я думаю, заява ў міліцыю – рэч бессэнсоўная.

Абаронцы Курапатаў зьвярнуліся ў міліцыю наконт начнога нападу, а міліцыя на іх склала пратаколы. Як паведаміў “Радыё Свабода” кіраўнік «Моладзі БНФ» Юрась Лукашэвіч, міліцыя прапанавала завесці толькі адміністрацыйную, а не крымінальную справу. На актывістаў склалі пратаколы за «парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў».

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя