Абаронцы Курапатаў пачалі дэмантаж свайго лагера



Удзельнікі пратэсту супраць будаўніцтва бізнес-цэнтра ля ўрочышча Курапаты пачалі дэмантаваць свой лагер, які быў пастаўлены тут 20 лютага.

У лагеры знаходзяцца прыблізна паўтара дзясятка чалавек. Раніцай да абаронцаў Курапатаў далучыліся лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і палітык Вячаслаў Сіўчык.

Ужо прыбраныя драўляныя паддоны, якія засцілалі пляцоўку лагера. Актывісты здымаюць тэнты і адключаюць гукаўзмацняльную апаратуру. Палаткі пакуль застаюцца на месцы.

Сустаршыня маладзёжнай арганізацыі „Малады фронт” (не зарэгістраваная ў Беларусі) Дзмітрый Дашкевіч паведаміў, што ноч у лагеры прайшла спакойна. Ён адзначыў, што абаронцы Курапатаў не будуць чакаць дэмантажу плота вакол будаўнічай пляцоўкі. „Гэты плот, ёсць такая інфармацыя ад забудоўшчыка, можа стаяць тут і год, нават калі будаўніцтва не будзе весціся, — сказаў ён. — Забудоўшчыку трэба нейкая юрыдычная падстава ад Мінгарвыканкама. Калі ўлады год не будуць варушыцца, як гэта адбываецца зараз, плот можа стаяць на гэтым месцы столькі ж часу”.

„Аднак нам давалі гарантыі, што плот прыбяруць, будуць раўнаваць тэрыторыю і ўжо заключаюцца дагаворы з „Зелянбудам” на азеляненне гэтага ўчастка. Але сама тэрыторыя ўсё роўна пакуль застаецца ў арэндзе чалавека, які будаваў бізнес-цэнтр”, — паведаміў Дашкевіч.

Ён падкрэсліў, што „няслушна прывязваць сябе да гэтага плота, калі тэхнікі, маёмасці няма. Усе вывезена”. „Але калі тэхніка прыедзе працаваць, ясна, што мы застанемся”, — заявіў палітык.

Паводле слоў Дашкевіча, нават калі гарадскія ўлады не пакінуць спробаў што-небудзь пабудаваць на гэтым месцы, то працэс пошуку іншага забудоўшчыка ўсё роўна зойме шмат часу. „Гэты забудоўшчык 3,5 года працаваў над узгадненнем праекта, архітэктурнымі нюансамі, перш чым пачаць будаўніцтва. Таму нават калі гэтую зямлю аддадуць якім-небудзь кітайцам або арабам, то ўсё роўна на гэта спатрэбіцца не адзін месяц, пакуль сюды хто-небудзь заедзе і пачне будаваць”.

Пра тое, што працы па будаўніцтве аб`екта будуць спыненыя, стала вядома 2 сакавіка пасля сустрэчы Дашкевіча з акцыянерам ТАА „Белрэканструкцыя” Ігарам Анішчанкам і дырэктарам кампаніі Сяргеем Несцеравым.

Работы па будаўніцтве пяціпавярховага бізнес-цэнтра на скрыжаванні вуліцы Мірашнічэнкі і Мінскай кальцавой аўтадарогі ля Курапатаў пачаліся 16 лютага. Аб’ект планавалася здаць да канца лютага 2018 года. Прадстаўнікі грамадскасці і мясцовыя жыхары выступілі супраць будаўніцтва, лічачы яго незаконным. Паводле іх інфармацыі, ўчастак пад бізнес-цэнтр быў прададзены на аўкцыёне тады, калі гэтая зямля яшчэ ўваходзіла ў ахоўную зону гісторыка-культурнай каштоўнасці „Месца масавага пахавання ахвяр палітычных рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты”. Акрамя таго, узвядзенне аб`екта пачалося да таго, як быў канчаткова зацверджаны праект дэталёвага планавання гэтай тэрыторыі, адзначалі праціўнікі будоўлі.

20 лютага некалькі актывістаў „Маладога фронту” ўсталявалі на тэрыторыі будоўлі палатку і арганізавалі кругласутачнае дзяжурства. 27 лютага, пасля тыдня супрацьстаяння рабочых і абаронцаў Курапатаў, будаўніцтва было прыпыненае.

1 сакавіка канфліктная сітуацыя абмяркоўвалася на сустрэчы прадстаўнікоў грамадскасці са старшынёй Мінгарвыканкама Андрэем Шорцам. Выслухаўшы іх довады, Шорац паабяцаў прыпыніць будоўлю да канца тыдня, каб прыняць канчатковае рашэнне. Пры гэтым сталічныя ўлады папрасілі прыбраць палаткі ля аб’екта.

Вечарам 3 сакавіка ў лагеры абаронцаў Курапатаў адбыўся мітынг. Яго ўдзельнікі прынялі зварот да ўладаў з патрабаваннем забараніць любое будаўніцтва блізу Курапатаў і аднавіць ахоўныя зоны ўрочышча, зацверджаныя ў 2003 годзе.

belapan.by