Абаронцы Курапатаў падвялі вынікі трохтыднёвай варты
На імправізаванай прэс-канферэнцыі, у якой узялі ўдзел кіраўнікі буйнейшых апазіцыйных партый і рухаў, арганізатары падзяліліся вынікамі супрацьстаяння з кіраўніцтвам рэстарана “Поедем, поедим”, а таксама паведамілі пра далейшыя планы.
Першае на што варта звярнуць увагу – гэта зайздроснае аднадумства розных прадстаўнікоў грамадства да недапушчальнасці суседства забаўляльнага цэнтру з месцам масавай загубы людзей, – кажа сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец:
– Сённяшняя прэс-канферэнцыя абаронцаў Курапатаў прысвечана тром тыдням абароны Курапатаў. Менавіта ў чацвер, 31 траўня, прайшлі першыя акцыі абаронцаў, і з тых пор яны не прыпыняліся ні на дзень. Я нагадаю яшчэ раз, што Вольга Мікалайчык і Ніна Багінская сталі тут у чацвер 31-га, і першага тут ужо была вялікая акцыя абаронцаў “Не кабак, а музей”.
Сёння мы падвядзем папярэднія вынікі нашай варты і трошкі распавядзем пра перспектывы абароны. Яшчэ раз пацверджваю, гэта прамежкавая прэс-канферэнцыя, не выніковая, ні ў якім разе, таму што варта бестэрміновая. Яна працягваецца да тых пор, пакуль не будзе знесены, перанесены, зачынены гэты рэстаран “на костках”.
Пра вынікі. Напэўна, найпершым вынікам гэтай курапацкай варты стаў розгалас. Розгалас пра Курапаты. Як раз да 30-годдзя адкрыцця гэтага знакавага месца для нацыянальнага руху. І за гэта вельмі вялікі дзякуй журналістам. Розгалас яшчэ раз нагадвае нам, што такое значаць Курапаты для беларускага народа. Госпад Бог дапусціў гэтую справу, гэтую сітуацыю дзеля таго, каб увесь народ яшчэ раз зразумеў і ўсвядоміў, што было такое злачынства, была такая эпоха камунізму, было, калі забівалі ні за што – за тое, што ты чалавек, за тое, што ты беларус. І пра гэта беларусам трэба памятаць. А таксама пра тое, што без пакаяння за злачынствы камуністычнага рэжыму шляху наперад у Беларусі няма.
Другі розгалас. Гэта ўсеагульнае непрыняццё такой справы, як рэстанна-забаўляльны комплекс – батуты, танц-пол, лазня, інтымныя пакоі, дзіцячыя пляцоўкі – у ахоўнай зоне Курапатаў. Непрыняццё. Мы маем кансэнсус грамадства, згоду грамадства з тым, што гэта недапушчальна. Я не буду пералічваць імёны і прозвішчы, вы ведаеце, вы чулі дзясяткі знакамітых людзей, якія выказваліся на гэты конт. Больш за тое, і беларускі народ сказаў сваё слова. Байкот гэтай рэстарацыі для мяне проста ўражвальны. Я, шчыра кажучы, не думаў, што будзе настолькі моцна. Таму што цэлы дзень, любы дзень, калі стаяць абаронцы Курапатаў, некалькі наведнікаў вось у гэтай рэстарацыі. На 300 чалавек банкетная зала. Сядзіць адзін, або не сядзіць нікога. І гэта паказнік.
Адносна планаў коратка скажу, што мы тут будзем стаяць да тых пор, пакуль будуць людзі. Тут стаяць людзі, якія вераць у перамогу. Таму ні рэжым, ні мафія не могуць перамагчы народ. Таму мы запрашаем і заклікаем усіх людзей: калі ласка, прыходце ў Курапаты, далучайцеся да варты. Кожны дзень з 12-ці да 24-х гадзінаў.
Аляксей Янукевіч, намеснік старшыні партыі БНФ:
– Я думаю, што гэтая сітуацыя ў Курапатах, яна гранічна выразна прымушае кожнага рабіць свой выбар, і тут мы бачым выплываюць абсалютна розныя пласты. Гэта вядзецца не толькі пра сумленнасць беларускага грамадства, гэта пра сумленнасць беларускага бізнеса, пра сумленнасць беларускай інтэлігенцыі, наогул пра сумленнасць беларускай нацыі. І я вельмі цешуся, што сапраўды, як Павел ужо сказаў, вельмі шмат, прычым не толькі з крытыкаў улады, але і з тых людзей, якія нават уваходзяць у сённяшнюю ўладу, або падтрымліваюць сённяшнюю ўладу, але не страцілі рэшткі сумлення, яны таксама адназначна выказаліся адносна таго, што забаўляльная ўстанова фактычна ў ахоўнай зоне, фактычна ў саміх Курапатах, – гэта ганьба, гэта недапушчальна. І таму такая вось маральная ясная ацэнка, і я перакананы, яна спрычыніцца да таго, што будзе адбывацца яшчэ большая мабілізацыя грамадства, і гэтая рэстарацыя тут працаваць не будзе. Гэта дакладна.
Арганізатары абароны Курапатаў паведамілі, што з 31 траўня за тры тыдні пратэстаў у варце ўзяло ўдзел больш за 300 чалавек, прыязджаюць людзі і з іншых гарадоў Беларусі. Пікетаванні на думку арганізатараў будуць доўжыцца аж да закрыцця гэтага рэстарану „на костках”. Адной з галоўных задач абароны Курапатаў – наданне пратэстам шырокага міжнароднага розгаласу.
Цалкам матэрыял:
Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя