Абаронцы Курапатаў правядуць масавыя мітынгі ля рэстарана „Поедем, поедим”
У пачатку восені абаронцы Курапатаў плануюць арганізаваць мітынгі каля рэстарана „Поедем, поедим”, пабудаванага блізу месца масавых пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій, паведаміў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павел Севярынец.
„Мы сёння прынялі рашэнне аб падрыхтоўцы аховы Курапатаў на жнівень, — заявіў палітык. — Акрамя таго, папярэдне ў верасні, калі людзі вернуцца з адпачынкаў, мы падрыхтуем вялікія мітынгі. Мы ўжо пачалі падрыхтоўку, каб дзейнасць па абароне Курапатаў прайшла годна да канца лета і каб да восені можна было выйсці на яе пашырэнне — у выглядзе мітынгаў”.
Севярынец таксама паведаміў, што абаронцы ўрочышча дамовіліся за тыдзень распрацаваць сайт, на якім будзе акумулявацца інфармацыя пра байкот бізнесу ўладальнікаў рэстарана „Поедем, поедим” і пра ход аховы Курапатаў. „У гэтую пятніцу ў нас павінна быць прыблізна 30 файлаў па асобных чыноўніках, агрэсіўных наведвальніках і ўладальніках рэстарана, што будуць размешчаныя на гэтым сайце. Я спадзяюся, што да гэтага ж часу будуць сфармаваныя ініцыятыўныя групы, якія пойдуць па замежных пасольствах з прапановай візавага бану для ўсіх гэтых людзей”, — заявіў Севярынец.
Палітык адзначыў, што на сённяшняй нарадзе абаронцаў Курапатаў былі вырашаныя некаторыя ўнутраныя пытанні, якія тычацца, у прыватнасці, узмацнення аховы ўрочышча актывістамі, а таксама стварэння спецыяльнага рахунку для збору сродкаў на гэтую дзейнасць.
Грамадскія пратэсты ў сувязі с працай забаўляльнага комплексу ў Курапатах праходзяць з 31 мая. Кампанія грамадскага байкоту была абвешчаная 18 ліпеня.
У мінулую пятніцу, 20 ліпеня, уладальнік рэстараннага комплексу Леанід Зайдэс на сустрэчы з журналістамі заявіў, што не мае намеру яго закрываць або пераносіць. „Мы спрабавалі знайсці агульную мову і рашэнне, якое пойдзе на карысць грамадству, — сказаў бізнесмен. — Мы былі гатовыя сесці за круглы стол і вялі перамовы аб гэтым з людзьмі, якія ўзялі на сябе адказнасць за пікетаванне рэстарана і ўсе дзеянні, у тым ліку і незаконныя”. Паводле яго слоў, калі дамоўленасць аб правядзенні круглага стала з пратэстоўцамі была фактычна дасягнутая, „пэўныя сілы пайшлі на эскалацыю канфлікту”. „Акрамя таго, са мной пачалі гаварыць на мове ўльтыматумаў, асабістых пагроз і фактычнага шантажу. Але з шантажыстамі, як вядома, ніхто ў свеце перамоў не вядзе. Таму ніякіх кантактаў з людзьмі, якія свядома распальваюць гэты канфлікт і не шукаюць вырашэння, больш не будзе, — заявіў Зайдэс. — З людзьмі, якія цяпер паліваюць мяне, супрацоўнікаў і наведвальнікаў брудам, кідаюцца пад аўтамабілі, спрабуюць рабіць націск на нашых партнёраў, мы будзем размаўляць толькі ў судзе”.