Абаронцы Курапатаў вырашылі звярнуцца ў Генпракуратуру



„Абаронцы мемарыялу-пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій у Курапатах прынялі рашэнне звярнуцца ў Генеральную пракуратуру Беларусі”, — кажа сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец. Нагодай для гэтага стаў феерверк і вяселле ўвечары пятніцы 17 жніўня на тэрыторыі  рэстарана „Поедем поедим”, які пачаў працу побач з мемарыялам-пахаваннем. Відэа феерверку было змешчана ў Фэйсбуку.

Павел Севярынец:

— Гэта парушэнне прадпісанняў пракуратуры. Гэта парушэнне абяцанняў самога Зайдэса на ягонай прэс канферэнцыі, таму, безумоўна, усё гэта трэба фіксаваць і зварот з дзясяткамі подпісаў будзе перададзены на гэтым тыдні. У Генеральную пракуратуру. Генеральная пракуратура фармулявала свае заўвагі па Курапатах і там было напісана, што ніякіх гучных забаўляльных мерапрыемстваў на адкрытым паветры.  А там відавочны і салют, і гулянка, усё ў камлекце, перад крыжамі.

Таксама Павел Севярынец распавёў, што на пашыраным сходзе абаронцаў Курапатаў прынята рашэнне правесці 9 верасня масавую акцыю ў абарону гэтага мемарыялу ахвярам масавых забойстваў сталінскіх часоў.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя