Абаронцы Курапатаў запрошаныя 20 чэрвеня ў Міністэрства культуры



Абаронцы Курапатаў запрошаныя 20 чэрвеня ў Міністэрства культуры, паведаміў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.

Паводле яго слоў, прадстаўнікоў аргкамітэта па абароне Курапатаў прыме намеснік міністра культуры Аляксандра Яцко. Будзе абмяркоўвацца сітуацыя вакол працы забаўляльнага комплексу з рэстаранам „Поедем поедим”, які размешчаны за 50 метраў ад месца масавых расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Адпаведная дамоўленасць аб прыёме ў намесніка міністра дасягнутая, удакладніў Севярынец.

Тым часам супрацоўнікі ДАІ працягваюць складаць пратаколы аб парушэнні правілаў дарожнага руху ў дачыненні да абаронцаў Курапатаў, якія пратэстуюць супраць працы рэстарана „Поедем поедим”. 19 чэрвеня за знаходжанне на праезнай частцы і стварэнне перашкодаў праезду на тэрыторыю комплексу былі складзеныя шэсць пратаколаў, у тым ліку два — у дачыненні да лідара руху салідарнасці „Разам” Вячаслава Сіўчыка. Усяго на працягу чэрвеня на абаронцаў Курапатаў складзена некалькі дзясяткаў пратаколаў.

Акцыі пратэсту ля ўваходу ў забаўляльны комплекс праводзяцца штодня з 31 мая. Паводле рашэння аргкамітэта ў абарону Курапатаў, дзяжурства актывістаў доўжыцца ад 12-й да 24-й гадзін, калі працуе рэстаран.

БелаПАН