Абаронцы Курапатаў згортваюць свой лагер



Удзельнікі пратэсту супраць будаўніцтва бізнес-цэнтра каля ўрочышча Курапаты дэмантавалі свой лагер, які паўстаў 20 лютага.

Сустаршыня „Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч адзначыў, што абаронцы Курапатаў не будуць чакаць дэмантажу плота вакол будаўнічай пляцоўкі:

– Пятнаццатыя суткі абароны вось гэтай ахоўнай зоны вакол Курапатаў, з гэтых пятнаццаці дзён будоўля вялася пяць-дзесяць. Мы фактычна назіраем за тым, як адсюль вывозілася тэхніка, маёмасць, матэрыялы і г.д. Мы лічым, што няма асаблівага сэнсу стаяць і ахоўваць плот, калі будоўля не вядзецца, яна спынена. Далей праца будзе весціся ў юрыдычным рэчышчы. Мы ведаем, што арганізацыі: культурныя, грамадскія, палітычныя, звяртаюцца ў розныя дзяржаўныя інстытуцыі, каб вярнуць ахоўную зону і спыніць гэтую будоўлю.

Пра тое, што працы па будаўніцтву аб’екта будуць спыненыя, стала вядома 2 сакавіка. 

Вечарам 3 сакавіка ў лагеры абаронцаў Курапатаў адбыўся мітынг.

Яго ўдзельнікі прынялі зварот да ўладаў з патрабаваннем забараніць любое будаўніцтва паблізу Курапатаў і аднавіць ахоўныя зоны ўрочышча, зацверджаныя ў 2003 годзе.

БелаПАН