Абаронцы правоў людзей з інваліднасцю незадаволены праектам Закона аб інвалідах



Новы законапраект з’явіўся на сайце pravo.by, і зараз з ім можа пазнаёміцца кожны жадаючы. Меркавалася, што ў Закон будуць унесены новаўвядзенні, якія б адпавядалі стандартам Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю (а яе Беларусь ратыфікавала ў 2016 годзе).

Офіс па правах людзей з інваліднасцю шмат працаваў над гэтым, удзельнічаючы ў грамадскіх абмеркаваннях Закона. Але прачытаўшы новы законапраект, дырэктар Офіса Сяргей Драздоўскі заўважыў, што адтуль наўпрост выдалілі галоўнае – паняцце “дыскрымінацыі”:

– Нам было вельмі важна – віды дыскрымінацыі, вырашэнне праблем дыскрымінацыі. Якія былі не вельмі добра прапісаныя, але хаця б былі ў апошнім законапраекце. У гэтым іх няма.

Калі ў такім выглядзе Закон будзе сапраўды прыняты, то яго антыдыскрымінацыйны характар знікне. А гэта азначае, што грамадзяне з інваліднасцю не атрымаюць інструментаў абароны ад дыскрымінацыі.

Сяргей Драздоўскі адзначыў, што такое пагаршэнне законапраекта, якое ў выніку атрымалася, – гэта апошняя кропля ў яго цярпенні. Прычына простая – раней Офіс па правах з інваліднасцю пры абмеркаванні Закону пайшоў на пэўныя ўступкі, пагадзіўшыся з тым, што ў Закон пакуль не будуць уключаны тэмы, пра якія дзяржава яшчэ не гатовая размаўляць: гэта галоўным чынам дзеяздольнасць і існаванне псіханеўралагічных інтэрнатаў.

– Але калі дзяржава адмовілася нават ад мінімальных абавязкаў па абароне ад дыскрымінацыі, для нас гэта сведчыць пра поўны адказ дзяржавы выконваць Канвенцыю так, як прапісаны тыя нормы. То бок, мы бачым, што дзяржава мае намер неяк адысці ад выконвання абавязкаў па Канвенцыі.  

А калі Беларусь ратыфікавала Канвенцыю, то яна павінна, згодна з міжнароднай працэдурай, выконваць яе абавязкі.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск