Абавязковы масачны рэжым уведзены на ўсёй тэрыторыі Менскай вобласці
Абавязковы масачны рэжым, які з 12 лістапада ўжо дзейнічае ў сталіцы, уведзены 16 лістапада на ўсёй тэрыторыі Менскай вобласці, паведамілі БелаПАН у Менаблвыканкаме.
Рашэннем абласной адміністрацыі прадпісана з сённяшняга дня выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай абароны ў Менскай вобласці ва ўсіх без выключэння аб`ектах любой формы ўласнасці: паліклініках, аптэках, крамах, кафэ, грамадскім транспарце і таксі, у тым ліку маршрутных.
Акрамя таго, у сталічным рэгіёне абмежаванае правядзенне спартыўных, культурных, відовішчных, навуковых, рэлігійных і іншых масавых мерапрыемстваў.
Абавязковае нашэнне масак у закрытых памяшканнях і ў грамадскім транспарце, уключаючы таксі, ужо дзейнічае ў Менску, Берасці, Гарадні, шэрагу раёнаў Віцебскай, Гарадзенскай, Магілёўскай і на ўсёй тэрыторыі Гомельскай вобласці.
Намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Аляксандр Тарасенка ў эфіры на тэлеканале „Беларусь 1” 15 лістапада заявіў, што масачны рэжым паступова будзе ўведзены ва ўсёй Беларусі. „Мы можам казаць пра гэта, і Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе, і міжведамасныя камісіі рэкамендуюць, каб насельніцтва насіла маскі”, — заявіў ён.
Паводле слоў чыноўніка, разгарнулася інфармацыйная кампанія, каб жыхары краіны з разуменнем паставіліся да сітуацыі і выкарыстоўвалі сродкі абароны.
На 15 лістапада ў Беларусі зноў зафіксаваны рэкордны сутачны прырост колькасці хворых. Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі на раніцу нядзелі дасягнула 114.185 (+1.315 за апошнія суткі), памерла 1.046 (+7) чалавек.