Абласны суд не задаволіў касацыйнай скаргі Змітра Лупача



Віцебскі абласны суд не задаволіў касацыйнай скаргі журналіста-фрылансера Змітра Лупача. Ён спрабаваў аспрэчыць пастанову Глыбоцкага суда. 22 снежня суддзя Глыбоцкага раённага суда Людміла Вашчанка аштрафавала журналіста на 25 базавых велічыняў, што складае 612,5 беларускіх рублёў.

Змітра прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці па сумна вядомым артыкуле 22.9 КаАП. Падставай стаў сюжэт на спадарожнікавым тэлеканале “Белсат” пра ўшанаванне памяці ахвяр камуністычнага і фашысцкіх рэжымаў на Глыбоччыне.

Як кажа Зміцер Лупач, асаблівых спадзяванняў на тое, што яго скаргу задаволіць абласны суд, не было.

Трэба ўсё роўна абскарджваць, каб потым падаць скаргу далей. Хоць гэта пакуль таксама не дае ніякай карысці. Але, магчыма, колькасць гэтых скаргаў некалі ўсё-такі прывядзе да выніку: Беларусь мусіць прызнаць, што яна парушае правы чалавека. Але пакуль так, як ёсць.

У мінулым годзе над Змітром Лупачам адбылося дзевяць судоў за сюжэты, якія паказаў тэлеканал “Белсат”. На шасці з іх ён быў пакараны штрафамі ад 25 да 40 базавых велічыняў. Агулам ён заплаціў 4 802 беларускіх рублёў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае