Абласны суд не задаволіў касацыйнай скаргі Валерыя Мінца



У гарадзенскім абласным судзе касацыйная скарга сябра партыі БНФ Валерыя Мінца засталася без задавальнення. Лідcкі раённы суд абвесціў адміністрацыйны штраф у памеры 105 рублёў за яго ўдзел у Свіслацкім фэсце мінулага года  бяздоказна.

Сам Валеры Мінец цвердзіць, што яго ў пазначаны час пратаколам, які склала міліцыя, не было ў Свіслачы і вёсцы Якушоўка, дзе праходзіла ўшанаванне паўстанцаў Каліноўскага. Але чамусьці праверыць яго знаходжанне там суд не палічыў патрэбным. Кажа Валеры Мінец.

– Гэта падкрэслівае чарговы раз, што наша беларуская Феміда мае не проста завязаныя вочы, а адно вока цалкам выбітае. І наша Феміда можа глядзець толькі ў адзін бок. Іншага варыянта ў яе няма. Увогуле, гэта працяг ціску нашай улады на любых палітычна актыўных людзей, ідзе палітыка запалохвання, штрафаў. З аднаго боку, гэта, канешне, вельмі дрэнна. Але з іншага – гэта падкрэслівае тое, што мы робім правільную працу, што ўлада нас баіцца і ведае, што мае сур’ёзных супраціўнікаў.

Разглядаў касацыйную скаргу суддзя абласнога суда Мікалай Рачынскі. На довады аштрафаванага Валерыя Мінца не прагучала ніякіх пярэчанняў, але рашэнне лідскага суда не адмяніў. Кажа праваабаронца Уладзімір Хільмановіч:

– Ніякіх спадзяванняў, канешне, на справядлівы разгляд касацыйнай скаргі ў нікога не было. Гэта ўжо сёмая касацыйная скарга па свіслацкіх справах мінулага года. Для гэтых суддзяў і судоў няма ні Канстытуцыі, ні заканадаўства, ні нормаў маралі, а ёсць толькі тэлефонны званок праз загад зверху невядомага чалавека і невядома з якіх кабінетаў. Яны і ажыццяўляюць, па сутнасці, гэтыя карныя прысуды, бо суды на Гарадзеншчыне даўно пераўтварыліся ў карныя органы.

Нагадаем, што за ўшанаванне памяці паўстанцаў 1863 года ў Свіслачы 30 кастрычніка летась было накладзена судовымі ўладамі каля 4 тысячаў даляраў штрафу нацыянальным актывістам.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара