Абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу Уладзіміра Хільмановіча
Уладзімір Хільмановіч спрабаваў аспрэчыць у Гарадзенскім абласным судзе адміністрацыйны штраф у памеры 15 базавых адзінак, які абвясціла яму свіслацкая суддзя Жана Салагубік. Грамадскі актывіст быў абвінавачаны ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Падтрымаць Хільмановіча ў судзе прыйшлі грамадскія актывісты, праваабаронцы і журналісты.
Хільмановіч аспрэчваў гэтае абвінавачванне, але суддзя абласнога суда Андрэй Ліхач не задаволіў скаргу. Вось што сказаў Уладзімір Хільмановіч пасля суда:
– Ну, ніякіх ілюзій у мяне, канешне, не было. Не было яшчэ такіх прэцэдэнтаў, каб абласны суд па свіслацкіх штрафах задаволіў хоць адну касацыную скаргу. Таму я не настолькі наіўны, каб спадзявацца на тое, што яны будуць разглядаць маю скаргу ў законным парадку, а не паводле палітычных матываў. Мы не ведаем увогуле, хто заказвае гэтыя палітычныя справы, хто аддае загад. Але такім чынам, калі адбываюцца такія рэпрэсіі, пераслед за іншадумства, за права на гістарычную памяць, за нацыянальную памяць, адказнасць будзе на тых людзях, якія ажыццяўляюць рэпрэсіі.
Нагадаем, што ў канцы мінулага года былі несправядліва асуджаныя да вялікіх штрафаў сем беларускіх грамадзян, якія ўсклалі кветкі да магілы Віктара Каліноўскага і да помнікаў паўстанцам 1863 года. Гэтыя карныя працэсы правялі суддзі свіслацкага раённага суда Жана Салагубік і Аляксандар Шылін.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня