Абласны суд не задаволіў скаргу Сяргея Пятрухіна



4 красавіка ў Берасцейскім абласным судзе адбыўся разгляд скаргі вядомага блогера Сяргея Пятрухіна на пастанову суддзі суда Ленінскага раёна Берасця Змітра Шурына.

28 лютага 2018 суд пакараў Пятрухіна па артыкуле 23. 34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) 50 базавымі за тое, што 17 лютага відэаблогер, калі быў у сябе ў кватэры, у жывым эфіры на YouTube канале «Народны рэпарцёр» паабяцаў свайму калегу Аляксандру Кабанаву далучыцца да яго, калі Кабанаў выйдзе на плошчу ў знак пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода „АйПаўэр”.

Суддзя Руслана Сянько пакінула скаргу блогера без задавальнення і пастанова суда Ленінскага раёна Берасця ўступіла ў законную сілу. Але Сяргей Пятрухін здавацца не збіраецца: ён будзе аспрэчваць рашэнне абласнога суда ў Вярхоўным, а калі спатрэбіцца, то і ў міжнародных юрыдычных інстытутах.

Паводле brestspring.com