Абласны суд падтрымаў Верамеенкаў



Гарадзенскі абласны суд, які прадстаўляў суддзя Анатоль Заяц, разглядаў скаргу міліцыі на рашэнне Ленінскага раённага суда ў дачыненні да гарадзенцаў Вольгі і Сяргея Верамеенкаў.

З-за адсутнасці складу адміністрацыйнага правапарушэння паводле артыкула 23.34 частка 3 (арганізацыя і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства) справа судом была прыпыненая.

Кажа Сяргей Верамеенка пасля вынясення рашэння абласным судом.

Рашэннем суда я задаволены. Я не ведаю, якія ў іх могуць быць разборкі, рашэнні, указанні, але задаволены. Добра, што так ёсць. Ведаеце, калі ў нас на парадах ездзяць унітазы, то можна чакаць усяго. Суд мог вярнуць справу на новы разгляд, але дзякуй богу, што сталася так.

Прадстаўнік міліцыі Аляксей Вайцешка, які прысутнічаў у судзе, не мог нічога прадаставіць, апрача старога сфабрыкаванага абвінавачання супраць Верамеенкаў. Меркаванне праваабаронцы Уладзіміра Хільмановіча такое, што суд, магчыма, не мог ужо больш змірыцца з непрафесійнасцю дзеянняў міліцыі.

А можа быць, згулялі нейкія амбіцыі прадстаўнікоў міліцыі, якія перавысілі свае дазволеныя негалосна паўнамоцтвы. Тым не менш, трэба вітаць, што абласны суд падтрымаў законнае рашэнне суда Ленінскага раёна.

Падтрымаць Верамеенкаў прыйшлі прадстаўнікі партый, грамадскіх арганізацый і сябры.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара