Абласны суд стаў «трыбунай» для віцебскіх актывістаў



Удзельнікі акцыі ў падтрымку незалежнасці, пакараныя штрафамі памерам ад 22-х да 50-ці базавых велічынь, падалі касацыйныя скаргі, патрабуючы адмены пакаранняў.

Яшчэ ніводнаму з тых, хто выходзіў на віцебскую Плошчу перамогі 29-га снежня, не ўдалося давесці сваю невінаватасць. Але і не спадзеючыся пра гэта, людзі адкрыта гавораць пра сваю грамадзянскую пазіцыю, крытыкуюць улады і суды, кажа Аляксандр Якушкоў:

– Я сказаў у судзе, што ў нас сістэма правасуддзя даўно заменена на сістэму «загадавыканання». І суд, і праваахоўнікі прадаліся за 30 срэбранікаў – яны выконваюць загады нелегітымнага чыноўніка, які здзекуецца з народа, які гандлюе краінай, які робіць злачынствы.

Суддзя Ірына Смалякова мусіла выслухаць прамову актывіста, хоць і не адмяніла прысуджаны яму штраф памерам 25 базавых велічынь (675 рублёў). Засталіся ў сіле штрафы, прысуджаныя Юрыю Мазкову і Алене Янушкоўскай.

Але актывісты тлумачаць сваю пазіцыю, нават не разлічваючы на спагаду суддзяў. Яны адрасуюць свае прамовы і прысутным, якіх збіраецца некалькі дзясяткаў, бо ў адной судовай залі ўсе справы разбіраюць па чарзе. І выпадковыя слухачы становяцца сведкамі судовай несправядлівасці, кажа праваабаронца Павел Левінаў:

– Ёсць людзі, якія вераць дзяржаўнаму тэлебачанню і ўладам. Але большасць пагаджаецца з тым, што чуе. І калі б у судзе гэта было дазволена, то такія прамовы суправаджаліся б воплескамі! Людзей абурае, як можна судзіць тых, хто адстойвае незалежнасць.

Віцебскія прыхільнікі незалежнасці, якія не знайшлі падтрымкі ў абласным судзе, збіраюцца падаваць скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН. Бо лічаць, што ў Беларусі парушаюць іхныя правы на мірныя сходы і выказванне сваіх меркаванняў.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск