Аблава на Кацярынаў
Аблава на Кацярынаў — гэтак назваў затрыманні дзвюх журналістак у Менску паэт і экс-кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года Уладзімір Някляеў.
Карэспандэнтку „Белсата” Кацярыну Андрэеву ён ведаў яшчэ малой дзяўчынкай, яна – унучка блізкага сябра Някляева, літаратара Сяргея Ваганава. Журналістку, як паведамлялася, абвінавацілі паводле Крымінальнага кодэкса ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Да 20 студзеня яна будзе знаходзіцца пад арыштам.
– Канешне, дзяўчаты вельмі рызыкоўныя. Кацю Андрэеву я добра ведаю, яна прыгажуня і разумніца, але ў яе моцны і ўпарты характар. Ні ў якім разе яна не здасца. А тое, што яе за выкананне сваіх абавязкаў “упяклі” ўжо пад крыміналку, дарэчы, гэта той артыкул, за які ўжо судзілі нас у 2010 годзе, гэта сведчыць пра тое, што рэжым ужо проста ашалеў. А Барысевіч пасадзіць за тое, што чалавек проста напісаў праўду, – гэта вар’яцтва, відавочнае вар’яцтва рэжыму.
Супрацоўніца tut.by Кацярына Барысевіч адпраўленая ў СІЗА КДБ найменш да 29 лістапада. Супраць яе распачатая крымінальная справа за «выдаванне медыцынскай таямніцы, якое пацягнула цяжкія наступствы». Справа тычыцца загінулага пратэстоўца Рамана Бандарэнкі, матэрыялы пра яго рыхтавала журналістка. Беларуская асацыяцыя журналістаў патрабуе неадкладнага вызвалення журналістак Кацярыны Андрэевай і Кацярыны Барысевіч.
Беларускае Радыё Рацыя