Абмеркаваць рэферэндум запрашаюць у Берасцейскі райвыканкам



Чарговае запрашэнне абмеркаваць рэгіянальны рэферэндум размясцілі гэтым разам на сайце Берасцейскага райвыканкама. Пытанні, якія збіраюцца вынесці на ім, датычныя будовы і запуска акумулятарнага завода пад Берасцем, пратэсты супраць якога цягнуцца ўжо некалькі год.

Гэта ўжо другая сустрэча па гэтым пытанні ў будынках мясцовай адміністрацыі, а папярэдняя адбылася ў мінулую нядзелю.

Кажа праваабаронца Уладзімір Вялічкін:

– Людзей заганялі з АМАПам. Добра, што пад локці не заводзілі. Прысутны міліцэйскі начальнік, як ён сказаў: калі не пойдзеце, то альбо туды, альбо ў камеру. Гэта было не двухсэнсоўна сказана. І ў суправаджэнні АМАПу людзей выціснулі ў бок менавіта авальнай залы, дзе адбылося гэтае спатканне. І была агучана прапанова правесці мясцовы рэферэндум. І ізноў жа Аляксандр Сцяпанавіч, паўтаруся, сказаў: “По поручению главы государства». То бок, усё што ў краіне адбываецца можа адбывацца толькі з падачы нейкіх уладаў.

З анонсу сустрэчы вынікае, што пачнецца яна 5 ліпеня 2020 года ў 12:30 у канферэнц-зале па адрасе: горад Берасце, вуліца Энгельса, 3. Час сустрэчы прыпадае на час правядзення традыцыйнай акцыі пратэсту супраць згаданага завода, вядомую як «кармленне галубоў на плошчы Леніна».

Беларускае Радыё Рацыя