Абмежаванне на продаж спіртнога ў Менску пратрымалася суткі
Абмежаванне на продаж спіртнога ў Менску пратрымалася суткі. Яно адмененае па распараджэнні Аляксандра Лукашэнкі.
Нагадаем, 28 верасня Мінгарвыканкам прыняў рашэнне абмежаваць з 1 кастрычніка 2018 года па 1 кастрычніка 2019-га продаж спіртнога праз аб’екты гандлю. „У сувязі з правядзеннем мерапрыемстваў, накіраваных на прапаганду (папулярызацыю) здаровага ладу жыцця, прафілактыку п’янства і алкагалізму, барацьбу з імі” з 23 да 7 гадзін абмяжоўваецца рэалізацыя алкагольных напояў (гарэлкі, лікёра-гарэлачных вырабаў, віна, каньяку, брэндзі, кальвадосу, шампанскага і іншых напояў з аб’ёмнай доляй этылавага спірту 7 і больш працэнтаў), за выключэннем рознічнага гандлю на аб’ектах грамадскага харчавання ў разліў”, — гаварылася ў дакуменце.
2 кастрычніка стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся адмяніць рашэнне сталічных уладаў. Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе Мінгарвыканкама, абмежаванні знятыя з сённяшняга дня — адпаведнае рашэнне ўжо падпісанае старшынёй гарвыканкама Андрэем Шорцам і перададзенае для апублікавання ў Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі.
Прэс-служба кіраўніка краіны пра гэтае распараджэнне Лукашэнкі пакуль нічога не паведаміла.
Варта адзначыць, што МУС неаднаразова выступаў за абмежаванне продажу алкагольных напояў. У міністэрстве падкрэслівалі, што кожнае чацвёртае злачынства здзяйсняецца ў нецвярозым стане, а доля забойстваў і разбойных нападаў у п’яным выглядзе дасягае 70-80%.
У чэрвені 2015 года Менгарвыканкам ужо ўводзіў абмежаванне на продаж спіртнога (толькі з 22 да 9 гадзін), аднак яно было адмененае праз два месяцы — пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях вытворчасці і абароту алкагольнай прадукцыі. Гаворка там ішла, у прыватнасці, аб барацьбе з няякасным імпартным алкаголем і яго ценявым абаротам.
belapan.by