Абмежаваны доступ да інтэрнэт-сайта „Вольнае Глыбокае”
У Беларусі прынятае рашэнне абмежаваць доступ да інтэрнэт-сайта „Вольнае Глыбокае”, паведамляе Генпракуратура. Адпаведная пастанова накіраваная ў Мінсувязі. Абмежаванні ўводзяцца ў сувязі з тым, што інтэрнэт-сайт парушыў патрабаванні закона аб СМІ.

Як выявіла пракуратура Віцебскай вобласці, некаторыя публікацыі на сайце „Вольнае Глыбокае” ўключалі фатаграфіі і відэа з „экстрэмісцкіх” сайтаў. У асобных выпадках сайт падаваў працу дзяржорганаў як незаконную, апраўдваў і гераізаваў правапарушальнікаў і злачынцаў.
Таксама „Вольнае Глыбокае” негатыўна паказвала грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне пасля выбараў, дыскрэдытавала працу міліцыі і судоў.

Як паведамлялася, з 1 студзеня 2021 года ў Віцебскай вобласці па фінансавых прычынах спыніўся выпуск газеты „Вольнае Глыбокае”. Яна была апошнім незалежным друкаваным выданнем у Віцебскай вобласці. Газета праіснавала роўна 26 гадоў і ў лепшыя гады мела наклад 5 тысяч асобнікаў.
Беларускае Радыё Рацыя
