Абноўлена 188 тэмпературных рэкордаў дня, 80 рэкордаў месяца і два абсалютныя рэкорды



За перыяд анамальнай спякоты (19—26 чэрвеня) на беларускіх метэастанцыях перапісана 188 лакальных рэкордаў дня, 80 рэкордаў месяца і два рэкорды за ўвесь перыяд метэаназіранняў, сведчыць праведзены БелаПАН параўнальны аналіз аператыўных і архіўных дадзеных Белгідрамета на рэсурсе meteoinfo.by.

 

22 і 23 чэрвеня былі зарэгістраваныя новыя рэкорды чэрвеня за ўвесь перыяд метэаназіранняў у маштабах усёй краіны (35,9 і 37,1 градуса ў Акцябрскім). Ранейшы (35,6) трымаўся з 23 чэрвеня 1964 года (у Беразіне).

Новыя максімумы дня для ўсёй тэрыторыі Беларусі фіксаваліся 22—25 чэрвеня: 22-га і 23-га, як адзначана вышэй, — 35,9 і 37,1 у Акцябрскім (было адпаведна 33 градусы ў Высокім у 2000 годзе і 35,6 у Беразіне ў 1964-м), 24-га і 25-га — 37 і 36,5 у Магілёве (адпаведна 33,5 у Мар’інай Горцы ў 1901 годзе і 33,3 у Брагіне ў 1957-м).

Абноўленыя рэкорды за ўвесь перыяд інструментальных назіранняў за надвор’ем у Магілёве — 37 градусаў 24 чэрвеня (было 36,8 градуса 6 жніўня 2010 года) і Ганцавічах — 35,5 таксама 24 чэрвеня (35,3 градуса 4 жніўня 2014 года). Паўтораны гістарычныя максімум у Менску — 35,8 градуса 24 чэрвеня (столькі ж 8 жніўня 2015 года) і Івацэвічах — 35,7 у той жа дзень (столькі ж 3 жніўня 2014 года).

У апошні дзень гарачага надвор’я, 26 чэрвеня, лакальны тэмпературны рэкорд адзначаны ў Слаўгарадзе — 31,7 градуса (31,3 у 2016 годзе).

У перыяд анамальнай спякоты ў асобных раёнах прайшлі моцныя ападкі. У Ашмянах у ноч на 25 чэрвеня выпала 25 мм дажджу, у ноч на 26-е — 51 мм, у наступныя суткі — яшчэ 4,8 мм; у суме 80,8 мм, або 80,8 л вады на квадратны метр тэрыторыі, што складае 97% месячнай нормы для гэтага населенага пункта.

Днём 25 чэрвеня ў Езярышчы выпала 40 мм дажджу (46% чэрвеньскай нормы). У ноч на 26 чэрвеня ў Нарачы зафіксавана 59 мм ападкаў (66%), у Валожыне — 25 (27%), Акцябрскім — 20 (25%). Удзень 26 чэрвеня ў Стоўбцах выпала 51 мм ападкаў (64% нормы), у Мар’інай Горцы — 42 (51%), Менску — 37 (42%), Баранавічах — 30 (36%).

У ноч на 27 чэрвеня ў Шаркаўшчыне вылілася 55 л вады на квадратны метр (64% нормы), у Бабруйску — 29 (33%), Клічаве — 23 (30%).

belapan.by