Абрад “Апошняй вячэры” ў Глыбокім



У Вялікі чацвер, 18 красавіка, хрысціяне-баптысты Глыбокага сабраліся разам на абрад “Апошняй вячэры”. Падчас служэння ў Царкве евангельскіх хрысціянаў-баптыстаў яны прынялі цела і кроў Хрыста. Гэтым абрадам вернікі распачалі перадвелікодныя набажэнствы. Пасля яны сустрэнуцца ў нядзелю, 21 красавіка, каб разам адзначыць свята Пасхі.

На працягу ўсяго святочнага служэння ў Царкве евангельскіх хрысціянаў-баптыстаў вернікі на чале з пастырам Іванам Волахам звярталіся да Хрыста з просьбамі і праслаўленнем.

– Напярэдадні гэтага цудоўнага свята, гэтага Светлага Хрыстовага Уваскрасення, мы ўспамінаем той час, калі Ты з вучнямі меў Вячэру Гасподню, Вячэру любові. Калі ў крузе сваіх вучняў Ты паказаў дзівосны прыклад пакоры і любові. Госпадзі, і мы сабраліся тут у імя Тваё, каб паўтараць тую пакору і любоў, якую Ты паказаў нам за прыклад.

Падчас апошняй вячэры на служэнні вернікі ўзгадвалі пра смерць і пакуты Хрыста, спявалі песні і чыталі вершы ў яго пашану. Удзел у вячэры для хрысціянаў-баптыстаў, як сустрэча з Панам. Гэта і абнаўленне сваёй веры, і сузіранне збаўчай ахвяры на крыжы, і асабістае асвячэнне праз пакаянне ў малітве перад Госпадам.

Па завяршэнні вячэры пастыр павіншаваў усіх прысутных і запрасіў прывітаць адно аднаго.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі