Абраны брэнд Гародні
Камітэтам, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі ўлады і грамадскай супольнасці, на конкурснай аснове прыняты брэнд Гародні. Пераможцамі сталі берасцейцы са студыі Grafit.
Прынятае мастацкае рашэнне і графічнае выкананне адразу выклікалі негатыўную рэакцыю ў асяроддзі мастакоў Гародні, да якіх аргкамітэт не прыслухаўся.
Кажа сябра Саюзу мастакоў Беларусі Аляксандр Сільвановіч:
– Такія былі праекты, на мой погляд, якія маглі б абагаціць наша архітэктурнае асяроддзе. Я так разумею, што калі будзе нармальны канструктыўны дыялог і прыслухаюцца да меркавання сапраўды спецыялістаў, якія штосьці разумеюць у графічным дызайне, то ўсё яшчэ магчыма. Можна штосьці зрабіць і зрабіць тое, чым наш горад будзе ганарыцца.
Брэнд мусіць паказваць адметнасць і гісторыю горада, яго архітэктурных і прыродных аб’ектаў. Найперш гэта важна пры фармаванні турыстычнага прадукта.
Гарадзенскія мастакі спадзяюцца, што рашэнне не канчатковае і будзе перагледжана з улікам меркаванняў адмыслоўцаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня