Абскарджванне па палітычных справах пакуль не прыносіць плёну
Абскарджванне па крымінальных палітычна матываваных справах пакуль не прыносіць плёну. Па выніках абласнога суда рашэнне суда першай інстанцыі па 6-ай групе фігурантаў па так званых берасцейскіх беспарадках засталося без зменаў.

У шостай частцы фігурантаў праходзіла шэсць жыхароў Берасцейскай вобласці. Гэта Артур Аміраў, Уладзімір Кабрынец, Андрэй Кандрасюк, Мікалай Малюта, Раман Паўленка і Уладзімір Чапелевіч. Усім прысуджана калонія ўзмоцненага рэжыма.
А менавіта без зменаў засталося наступнае рашэнне: Артуру Аміраву — 3 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі, Уладзіміру Кабрынцу — 4 гады пазбаўлення волі, Андрэю Кандрасюку — 4 гады пазбаўлення волі, Мікалаю Малюта — 3 гады пазбаўлення волі і Уладзіміру Чапелевічу — 3 гады пазбаўлення волі.
Прысуд суда першай інстанцыі быў агучан у судзе Маскоўскага раёна горада Берасця сёлета, 20 жніўня.
Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя
