Абурэнне людзей узмацняецца з кожным днём
Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл, як і сотні іншых беларусаў, развіталіся з цудоўным і мужным беларусам Вітольдам Ашуркам.
Пасля развітання яны выказалі свае ўласныя думкі.
Уладзімір Літвін:
– Сёння мы праводзілі ў апошні шлях сапраўднага сына нашай Беларусі, які шчыра і моцна яе любіў. Любіў аддана, праўдзіва і моцна. А яго словы, вымаўленыя пры жыцці, запомняцца нам назаўсёды: беларус беларусу не можа быць ніколі ворагам!!! Вельмі шкада Вітольда. Няхай яму зямля, якую ён шчыра любіў, будзе пухам.
Віктар Марчык:
– Сёння мы назаўсёды развіталіся са сваім сябрам і аднадумцам Вітольдам Ашуркам. Хачу сказаць, што я добра ведаў Вітольда шмат гадоў. Гэта быў шчыры, сумленны і чулы чалавек. Нам вельмі шкада губляць такіх людзей, асабліва, калі ён гіне не сваёй смерцю, а гвалтоўнай. Пра гэта кажуць факты на відэазапісе. Яму ніхто не аказваў ніякай медыцынскай дапамогі. Існуе версія, што яго моцна білі, наносілі ўдары па галаве. Калі б Вітольду своечасова аказалі медыцынскую дапамогу, то ён быў бы жывы, а так яму далі памерці без ніякай медыцынскай дапамогі. Гэта жудасна і страшна. Прыйдзе час, і будзе праведзена сапраўднае расследаванне смерці цудоўнага чалавека Вітольда Ашурка.
Міхась Сашко:
– Людзей на развітанні з Вітольдам Ашуркам прыйшло і прыехала шмат. Цяжка і сумна было глядзець на смерць яшчэ аднаго добрага, прыстойнага і мужнага чалавека. І на паховінах, і ўсюды адчувалася абурэнне людзей тым, што сёння адбываецца ў Беларусі. А адбываецца сапраўдны тэрор. Але людзі ўжо не баяцца, людзі ўжо не кажуць, што “мая хата з краю”, а ўсе бачаць, што адбываецца ў нашай дзяржаве і як іх б’юць, саджаюць, забіваюць. Абурэнне беларускага народа нарастае.
Іван Бедка:
– Сёння слонімцы, як і сотні іншых беларусаў, правялі ў апоші шлях патрыёта Беларусі Вітольда Ашурка з Бярозаўкі. Ён быў закатаваны ў турме, куды яго змясцілі толькі за тое, што ён выказваў нязгоду з гвалтам, які праводзіць беларускі рэжым над сваімі грамадзянамі пасля сфальсіфікаваных выбараў. Па надуманым абвінавачанні ён быў кінуты за краты, скуль ужо не вярнуўся. Але забойцы будуць выяўлены і асуджаны!
Беларускае Радыё Рацыя