Абвешчаны конкурс кароткіх відэаролікаў «Мае словы»
Да ўдзелу ў конкурсе на лепшае відэа–сэлфі «Мае словы» запрашаюць прадстаўнікі агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч» у Берасці. Ён ладзіцца ў межах кампаніі «Наша мова».
Галоўная ўмова ўдзелу ў конкурсе — стварэнне відэа-ролікаў пра беларускую мову, — распавяла прадстаўнік арганізацыі Алена Каховіч:
— Можна зрабіць невялікае сэлфі-відэа, да адной хвіліны і распавесці пра свае адносіны з беларускай мовай, пра свае ўражанні. Проста можна нават нейкі сюжэт зрабіць і даслаць гэтыя працы да 15 лютага. Пасля будуць адабраныя найлепшыя і выдадзеныя на галасаванне ў суполку «Наша мова».
Для таго, каб прыняць удзел у конкурсе, трэба зняць невялікае відэа на тэлефон, вэб-камеру або фотаапарат, дзе вы распавядаеце пра свае адносіны з беларускай мовай. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць на афіцыйным сайце арганізацыі «Дзедзіч».
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце