Абвешчаны лаўрэаты прэміі „Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці”



Асамблея НДА ўручыла штогадовую прэмію «Чэмпіёнам грамадзянскай супольнасці» самым адметным актывістам ды грамадскім ініцыятывам мінулага года. Урачыстая імпрэза прайшла ў менскай культурніцкай прасторы «КОРПУС».

“Адметнасць гэтай прэміі ў тым, што лепшых вызначаюць калегі па цэху. Самае важнае ў гэтай прэміі — гэта прызнанне ад паплечнікаў”, – адзначыў старшыня Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч:

– Ёсць нейкая змена пакаленняў, што добра. Часта размаўляеш з тымі людзьмі, якія 20 ці 30 гадоў таму прыйшлі ў грамадскі сектар. І яны заўсёды баяліся, што няма каму перадаць іх справу. Цяпер гэтае пытанне не такое ўжо гучнае, бо, сапраўды, з’явіліся новыя ініцыятывы, новыя людзі, якія гатовы працягнуць асноўныя каштоўнасныя ўстаноўкі, магчыма, праз іншыя формы.

«Лепшай кампаніяй года» названая кампанія па святкаванні 100-годдзя БНР, а «лідэрам года» адзін з яе арганізатараў – Павал Белавус.

Гутарку з Паўлам Белавусам слухайце ў далучаным файле:

У намінацыі «Новая ініцыятыва» уганараваны Унівэрсытэт імя Ніла Гілевіча, зарэгістраваны ў якасьці ўстановы ў сакавіку 2018.

«Рэгіянальнай падзеяй году» стала «Кампанія супраць акумулятарнага завода ў Берасьці». Грамадзская ініцыятыва „Берасце супраць свінцу”. Узнагароду атрымаў сябра ініцыятыўнай групы Міхась Галуза. Ён зазначыў, што гэта прэмія належыць жыхарам берасцейшыны – удзельнікам пратэстаў, якія непабаяліся выказваць свае меркаванне публічна і дамагацца праўды.

Як «Крэатыў году» сябры журы вылучылі Бацькоўскую ініцыятыву «Дзеткі-кветкі», якая правяла грамадскі маніторынг моўнага статусу 106 дзіцячых садкоў ў Менску.

У намінацыі «Талака году» прэмію арымала краўдфандынгавая платформа «Талака», якая дасягнула паказальніку ў 1 мільён рублёў, сабраных на грамадскія праекты.

Прыз за «Медыяактыўнасць году» адыйшоў да Вінцука Вячоркі за кароткія ролікі ў сацсетках і перадача «Мова пра мову».

Антыпрэмію «Гарбуз году» за негатыўныя дзеянні ў дачыненні да арганізацыяў грамадзянскай супольнасці ды яе прадстаўнікоў атрымала БелТА, па заяве якой 14 журналістаў недзяржаўных медыя абвінавацілі ў несанкцыянаваным доступе да інфармацыі.

У намінацыі «Партнэрства году» журы вылучылі кааліцыйную працу праваабарончых НДА Беларусі пры падрыхтоўцы дакладу для КПЧ ААН. У выніку прадстаўлення альтэрнатыўнага дакладу і супольных адвакацыйных дзеянняў больш за 60 рэкамендацыяў Камітэту правоў чалавека ААН да ўраду Беларусі маюць у сваім складзе прапановы беларускіх праваабаронцаў дзеля выпраўлення сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.

А «Журналісткай году» стала журналістка БелаПАН Таццяна Каравянкова, якая прафесійна асвятляе грамадска-палітычныя тэмы ў Беларусі.

Сёлета прэмія «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці» ад Асамблеі НДА ўручаецца дзясяты раз. Лепшых сярод кампаній ды актывістаў трэцяга сектара гэтым годам выбірала 112 сябраў журы. Сёлетнія пераможцы апроч ганаровай граматы атрымалі статуэтку вожыка, якую адмыслова для прэміі стварыў скульптар Генік Лойка.

Падрябейзней слухайце ў далучыным файле:

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтаркі