Абвешчаны прысуд 37 абвінавачаным у незаконным абароце наркотыкаў
Судовая калегія па крымінальных справах Менскага гарадскога суда абвясціла прысуд 37 абвінавачаным у незаконным абароце наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў.
Працэс пачаўся 5 лютага і па колькасці фігурантаў стаў самай буйной у Беларусі справай, што тычыцца абароту наркотыкаў.
Фігуранты справы абвінавачваліся ў распаўсюджванні наркотыкаў і псіхатропных рэчываў, дзейнічаючы ў складзе арганізаваных груп.
Як вынікае з паведамлення на сайце Вярхоўнага суда, большасць фігурантаў працэсу прыгавораныя да доўгіх тэрмінаў пазбаўлення волі — ад 10 да 15 гадоў. Некаторыя прысуджаныя да абмежавання волі. Двух удзельнікаў працэсу вызвалілі з-пад варты.
Да гэтага найбуйнейшым судовым працэсам па справе аб незаконным абароце наркатычных сродкаў была так званая справа сямнаццаці, якую Менскі гарадскі суд разглядаў з лютага па снежань 2016 года. На лаве падсудных было 17 абвінавачаных, у тым ліку два былыя супрацоўнікі КДБ і адзін — галоўнага ўпраўлення па барацьбе з аргзлачыннасцю і карупцыяй МУС. Галоўны фігурант — 31-гадовы менчук Канстанцін Вілюга — быў прыгавораны да 20 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.