Дзяржабвінавачанне: два гады „хатняй хіміі”для перакладчыцы Вольгі Калацкай



 Дзяржаўны абвінаваўца запрасіла для перакладчыцы Вольгі Калацкай пакаранне на два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу, паведамляе тэлеграм-канал Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Калацкую абвінавачваюць у тым, што яна двойчы ўдарыла па твары вядучага СТВ Рыгора Азаронка і тым самым прычыніла яму фізічны боль.

Справу Калацкай разглядае суд Фрунзенскага раёна Менска. Суддзя — Ала Скуратовіч, пракурор — Валерыя Таратынка.

Калацкая цалкам прызнала віну. У судзе яна заявіла, што шкадуе пра ўчынак, аднак папрасіць прабачэння ў Азаронка можа толькі тады, калі пачуе ад яго, што людзі ў той дзень сапраўды гаравалі з-за трагічнай смерці Рамана Бандарэнкі. На яе думку, падчас акцыі пратэсту вядучы задаваў людзям пытанні аб дэталях біяграфіі загінулага і тым самым хацеў паказаць, што дзеянні і пачуцці прысутных несапраўдныя і няшчырыя. Абвінавачаная сказала, што менавіта гэта выклікала ў яе такую рэакцыю.

Пазней Калацкая заявіла, што „ўсё ж парушыла фізічныя межы” пацярпелага, і таму просіць прабачэння. Азаронак прыняў прабачэнні.

Тэлевядоўца адзначыў у судзе, што падчас следства хадайнічаў не прыцягваць Калацкую да адказнасці і падтрымлівае яго ў судзе. У яго няма матэрыяльных прэтэнзій да яе і ён не чакае выбачэнняў, бо не лічыць сябе абражаным.

На думку Азаронка, у сітуацыі, якая склалася, вінаватыя „замежныя тэлеграм-каналы і так званыя незалежныя СМІ”, якія гэты эпізод зафіксавалі і вынеслі ў публічную прастору. Ён мяркуе, што жорсткі прысуд будзе выкарыстоўвацца супраць яго для нагнятання становішча.

Дзяржаўны абвінаваўца выступіла супраць спынення крымінальнай справы. Падчас прыняцця рашэння па справе суд разгледзіць хадайніцтва аб прымірэнні бакоў.

Калацкая была затрыманая 15 студзеня ў сваёй менскай кватэры, як паведамілі пазней адвакату, паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Аднак 19 студзеня ёй выставілі абвінавачанне на падставе ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства): падчас адной з акцый пратэсту яна некалькі разоў ударыла супрацоўніка тэлеканала СТВ Рыгора Азаронка.

4 лютага ў кватэры яе маці прайшоў вобшук. Калацкая жыве з маці, якой неабходны догляд: 10 сакавіка ёй споўнілася 90 гадоў.

Вольга Калацкая — выкладчык англійскай мовы, перакладчык кнігі Маргарэт Этвуд „Пенелапіяда”, а таксама твораў Вірджыніі Вульф, Тэнэсі Уільямса, Уільяма Голдынга. Займаецца перакладамі фільмаў і мультфільмаў на беларускую мову. Яна таксама шмат працавала з журналістамі — выкладала ім англійскую мову, рабіла пераклады. Затрыманне Калацкай выклікала шырокі грамадскі рэзананс. З патрабаваннямі неадкладна вызваліць перакладчыцу выступілі Амерыканскі ПЭН-цэнтр і канадская пісьменніца Маргарэт Этвуд.

belapan.by