Абвінаваўчы прысуд журналістцы – ці варта яго аспрэчваць?



Напярэдадні ў Менску вынеслі прысуд па справе, якую назвалі “нуль праміле”. Лекара Арцёма Сарокіна прысудзілі да 2 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на год. Журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч асудзілі на рэальны тэрмін — 6 месяцаў зняволення. На свабоду яна павінна выйсці 19 мая. Прысуд яшчэ можа быць абскарджаны.

Адвакаты пракаментавалі прысуд Кацярыне Барысевіч і перспектывы яго абскардзіць:

– Што рабіць далей мы будзем дэтальна вызначацца, калі ўбачымся з самой Кацярынай. Натуральна, што мы нязгодныя. Мы ўпэўненыя, што складу злачынства ў яе дзеяннях няма. Мы не паспелі з ёй падрабязна паразмаўляць, але мне падаецца, што яна чакала, што будзе большы тэрмін. У прынцыпе, пазітыўна, чым негатыўна. Мы, канешне, хацелі нечага іншага, але – як ёсць.

Вырашаць гэта пытанне павінна толькі Кацярына Барысевіч, – кажа галоўны рэдактар партала Tut.by Марына Золатава, якая нагадвае, што ў Беларусі па палітычных справах закон не працуе:

– Яна сама мусіць прымаць рашэнні. Канешне, я магу казаць, што гэты прысуд несправядлівы, і сапраўды так лічу, таму што яна павінна была быць апраўданая. Ёй прысудзілі мінімальны тэрмін зняволення. Цяпер мала хто спадзяецца на тое, што судовая сістэма ў нашай краіне працуе, як у нармальнай прававой краіне.

Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна абвінавацілі ў разгалошванні медыцынскай таямніцы. Менавіта Кацярына апублікавала дакументы, якія засведчылі, што забіты мастак Раман Бандарэнка не меў у крыві алкаголю, што супярэчыць афіцыйнай пазіцыі.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя