Аб’яднаўчы сабор праваслаўных цэркваў Украіны перанесены на снежань



Сабор праваслаўных цэркваў Украіны, у час якога іх прадстаўнікі павінны прыняць рашэнне пра аб’яднанне ў адну царкву і абраць прадстаяцеля, перанеслі, піша выданне LB.ua са спасылкай на крыніцы ў царкоўных колах.

Інфарматары выдання паведамілі, што наступная імаверная дата правядзення сабору – 9-10 снежня.

Правядзенне сабору пераносілі ўжо двойчы. Спярша яго хацелі правесці ў кастрычніку, потым фігуравала дата 22 лістапада.

 Напомнім, што 11 кастрычніка Сінод Канстанцінопальскага патрыярхату пастанавіў вярнуць Украіну пад сваю юрысдыкцыю, адмяніўшы свой жа ўказ ад 1686 года пра перадачу Кіеўскай мітраполіі Маскве, і зняў анафему з лідараў дзвюх украінскіх цэркваў.

У звязку з гэтым РПЦ 15 кастрычніка разарвала еўхарыстычныя зносіны з Усяленскім патрыярхам, а 20 кастрычніка абвесціла Канстанцінопальскага патрыярха Варфаламея раскольнікам па царкоўных канонах.

3 лістапада прэзідэнт Украіны і Усяленскі патрыярх Варфаламей падпісалі пагадненне пра супрацу, якое, на думку Парашэнкі, завяршае працэс – каб прадастаўленне томаса адбылося па ўсіх канонах праваслаўнай царквы”.

12 лістапада архірэйскі сабор Сербскай праваслаўнай царквы адмовіўся прызнаваць рашэнні Канстанцінопальскага патрыярхату па Украіне абавязковымі для выканання і вырашыў не ўстанаўліваць кананічныя зносіны з украінскімі цэрквамі. 15 лістапада Архіерэйскі сабор Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (ПАПЦ) забараніў сваім святарам кантактаваць з духавенствам Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага патрыярхата і Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Фактычна ПАПЦ выступіла на баку і ў інтарэсах РПЦ. Іншыя памесныя праваслаўныя цэрквы пакуль не выказалі сваёй афіцыйнай пазіцыі. Беларускае Радыё Рацыя