Абяцаная дарога да дому інваліда дагэтуль не зробленая
Абяцаныя кіраўніком вобласці Анатолем Лісам 300 метраў дарогі да дома інваліда 2 групы Аляксандра Краўчука з Кобрыні застаюцца нявыкананымі. З уліку цэнтра занятасці яго знялі, бо не пагадзіўся на работу за 60 рублёў у месяц, да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта так і не дастукаўся.
Як жыць з аднымі “не”? — бядуе Аляксандр Краўчук, бацька дваіх непаўнагадовых дзяцей:
— З нагоды той дарогі, праблемы працягваюцца далей. Качанава дагэтуль так і не аб’явіла свой графік на другі квартал пра прыём грамадзян Беларусі. Апрача таго наш цэнтр занятасці зняў мяне без яўнай прычыны як беспрацоўнага. Што я не захацеў працаваць за міску баланды. Я быў абавязаны набыць свой прыватны камп’ютар, каб выконваць іх працу.
Аляксандр Краўчук запісаўся на прыём да Берасцейскага абласнога пракурора, каб была праведзена праверка наконт правамочнасці невыканання распараджэння кіраўніка вобласці раённым кіраўніцтвам, зняцця з уліку беспрацоўных. У Адміністрацыю накіраваны ліст, калі будзе прымаць Наталля Качанава ў другім квартале, калі квартал ужо на зыходзе.
Беларускае Радыё Рацыя