Аб’яўлены конкурс імя Тадэвуша Ясіньскага
Моладзь Гарадзеншчыны мае магчымасць прыняць удзел у літаратурна-журналісцкім конкурсе, прысвечаным памяці Тадэвуша Ясіньскага – трынаццацігадовага хлопчыка, які ў верасні 1939 году трагічна загінуў падчас абароны Гародні ад савецкай акупацыі. Конкурс ладзіць варшаўскі фонд імя Іаахіма Лялевеля. У ім могуць браць удзел маладыя людзі ва ўзросце да 24-х гадоў, якія гатовыя напісаць кароткі аповяд ці зняць пяціхвілінны фільм аб гераічнай абароне горада яго жыхарамі, што, па словах гісторыка Андрэя Вашкевіча, пацверджваецца шматлікімі фактамі і ўспамінамі сведкаў тых падзеяў:
– Танкі былі ў асноўным падбітыя гімназістамі і паліцыянатамі бутэлькамі з гаручай сумессю. І тыя танкісты, якіх даставалі з гэтых танкаў, яны не разумелі, што адбываецца. Яны чакалі, што іх будуць сустракаць з кветкамі. З гэтых танкаў да сваіх фактычна ўжо не вярнуўся ніводзін.
Працы на конкурс прымаюцца да 10 кастрычніка. Імёны пераможцаў будуць агучаныя не пазней за 25 кастрычніка.
Беларускае Радыё Рацыя