Асуджаных анархістаў прызналі палітвязнямі (абноўлена)



Ігара Аліневіча, Дзмітрыя Дубоўскага, Дзмітрыя Разановіча і Сяргея Раманава прызналі палітычнымі зняволенымі.

Фота Ганны Няфёдавай

Пра гэта паведамляе ў сваім Тэлеграм-канале праваабарончы цэнтр «Вясна». Сёння, 22 снежня, суддзя Вячаслаў Тулейка прысудзіў анархістам ад 18 да 20 гадоў калоніі.

Анархістаў затрымалі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка летась. Іх вінавацілі паводле шэрагу крымінальных артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ і дзяржаўнага камітэта экспертызаў у Гомельскай вобласці. Дубоўскага і Аліневіча таксама за незаконнае перамяшчэнне праз мяжу забароненых рэчываў, агнястрэльнай зброі і выбуховых прыладаў. Цяпер у Беларусі 945 палітвязняў.

***

Ігара Аліневіча, Дзмітрыя Дубоўскага, Дзмітрыя Рэзановіча і Сяргея Раманава прызналі вінаватымі ў акце тэрарызму, незаконным абароце зброі і яе перамяшчэнні праз мяжу.

Выракі наступныя:

Ігар Аліневіч — 20 гадоў
Дзмітрый Дубоўскі — 18 гадоў
Дзмітрый Рэзановіч — 19 гадоў
Сяргей Раманаў — 20 гадоў

Сам суд праходзіў у закрытым рэжыме з прычыны «абароны персанальных дадзеных пацярпелых». Фігуранты ўключаны КДБ у спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.

Летась група анархістаў падпаліла некалькі машын каля пракуратуры Салігорскага раёна, мясцовы аддзел Дзяржкамітэта судмедэкспертыз, а таксама будынак ДАІ ў Мазыры.

Прысуд не канчатковы і можа быць абскарджаны на працягу 10 дзён.

Вядома, што амаль ніхто з абвінавачаных не браў удзел у судовым разглядзе, калі амаль ад пачатку працэс зрабілі закрытым, паведамляюць праваабаронцы.

Анархісты Ігар Аліневіч, Дзмітрый Дубоўскі, Дзмітрый Разановіч і Сяргей Раманаў былі затрыманыя ў ноч з 28 на 29 кастрычніка мінулага года недалёка ад беларуска-ўкраінскай мяжы.

Іх вінавацяць па шэрагу крымінальных артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ і Дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці:

— ч. 2 арт. 289 — акт тэрарызму;

— ч. 2 і ч. 4 арт. 295 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў;

А Дубоўскага і Аліневіча таксама і па. 1 арт. 333-1 — незаконнае перамяшчэнне праз мяжу забароненых рэчываў, агнястрэльнай зброі і выбуховых прыладаў.

nashaniva.com