Ад 3 да 3,5 года калоніі за перформанс з роставымі лялькамі



У судзе Круглянскага раёна (Магілёўская вобласць) 19 красавіка абвясцілі прысуд магілёўцам Сяргею Скоку, Вользе Клімковай і Максіму Сяргеенку, абвінавачаным у злосным хуліганстве (ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса) і абразе прэзідэнта (арт. 368 КК). Суддзя Дзмітрый Сасноўскі прысудзіў Клімковай і Скоку па 3,5 гады, Сяргеенку – 3 гады калоніі агульнага рэжыму, паведамляе „Магілёўская Вясна”.

Скока, Клімкову і Сяргеенку абвінавацілі ў тым, што яны вырабілі шэсць роставых лялек „з цынічнымі надпісамі і выявамі вышэйшых службовых асоб”, размясцілі іх на пуцеправодах паблізу вёсак Вільчыцы і Любуж, сфатаграфавалі і распаўсюдзілі здымкі ў сеціве. Па гэтай справе ў канцы лістапада ў Магілёве было затрымана каля 8 чалавек, усе затрыманыя знаходзіліся ў тэлеграм-чаце „Адраджэнне”.

Скок і Клімкова знаходзіліся пад вартай з лістапада, Сяргеенка быў пад падпіскай аб нявыездзе – яго ўзялі пад варту пасля абвяшчэння прысуду.

Крымінальную справу вырашылі разглядаць не ў Магілёве, а ў Круглам. На першым пасяджэнні, 31 сакавіка, працэс зрабілі закрытым, паколькі па той жа справе «лялек» ёсць яшчэ адзін эпізод, па якім да гэтага часу ідзе следства.

Вядома, што дзяржаўны абвінаваўца Арцём Налівайка патрабаваў кожнаму па 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

spring96.org