Ад 3 да 5 тысяч беларусаў пераехалі ва Украіну пасля прэзідэнцкіх выбараў
Ад 3 да 5 тысяч беларусаў пераехалі ва Украіну пасля прэзідэнцкіх выбараў — такія лічбы прывёў сябра грамадскай ініцыятывы „Талака-Днепр” Дзяніс Лаўнікевіч. Катэгорыі людзей, якія прыбываюць, самыя розныя: палітычныя ўцекачы, бізнесмены, айцішнікі, а хтосьці проста прыязджае як турыст, каб перачакаць ва Украіне палітычны крызіс.
– Чаму з вялікай разбежкай, бо вельмі-вельмі шмат хто яшчэ прыехаў турыстам. Ёсць людзі, якія вяртаюцца ўжо зараз у Беларусь. Ёсць людзі, якія прабіраюцца далей у Польшчу. Вельмі шмат такіх, хто хоча тут застацца. Па маіх асабістых падліках, і не толькі маіх, гэта будзе каля 2 – 2,5 тысяч чалавек. Я на кожным новым мерапрыемстве бачу новыя абліччы, на кожным мітынгу ці нейкай акцыі пад амбасадай Беларусі.
З пачатку гэтага тыдня Украіна спрасціла правілы ўезду для замежных грамадзян: зняты абмежаванні, уведзеныя ў сувязі з пагаршэннем эпідэміялагічнай сітуацыі. Зараз перасякаць мяжу замежнікі, у тым ліку і беларусы, могуць пры наяўнасці толькі страхоўкі ад каронавірусу. Раней трэба было прад’яўляць дакументы, якія падцвярджалі важкія прычыны ўезду, да прыкладу, запрашэнне на працу ці вучобу.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: РИА Новости