Ад чаго трэба бараніць чыноўнікаў?
«Чыноўнікі – адны з найбольш неабароненых у грамадстве. Гэта і жарт, але і сур’ёзны факт» — кажа эксперт Фонду імя Льва Сапегі Андрэй Завадскі. Паводле яго, чыноўнікі, асабліва рэгіянальнага ўзроўню, ня могуць нічога вырашаць самастойна, не азіраючыся на сваё вышэйшае начальства:
— Каб зразумець: а ці не будзе нешта яму за ягоную ініцыятыву. Вядома, гэта ідзе не на карысць справе. Адна з задачаў, якую я бачу — зрабіць чыноўнікаў абароненымі ад сваіх начальнікаў.
Каментуючы працу над рэформай органаў мясцовага самакіравання — а гэта пытанне, якім займаецца Фонд імя Льва Сапегі — Андрэй Завадскі адзначае, што трэба загадзя рыхтавацца да таго моманту, калі змены будуць магчымымі:
— Мы павінны зрабіць так, каб пры ўзнікненні адпаведных умоваў у нас ужо былі падрыхтаваныя і праекты законаў і праекты канкрэтных рашэнняў і адукаваныя людзі, якія маглі б рэалізаваць сябе ў гэтай сітуацыі. І мы павінны рабіць так, каб і грамадства было даспелае да ўспрыняцця новай рэчаіснасці.
Паводле эксперта, і ў цяперашніх умовах можна ажыццяўляць пэўныя зрухі. У якасці прыкладу ён прыводзіць стварэнне Клуба сельскіх старастаў у Ашмянскім раёне, які стаў “мастком” паміж грамадзянамі і мясцовымі ўладамі, і ў выніку дапамагае вырашаць лакальныя праблемы.
Цалкам гутарку з Андрэем Завадскім слухайце ў далучаным аўдыёфайле:
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: kraj.by