Ад няправільнага выкарыстання піратэхнікі ў Беларусі пацярпелі 27 чалавек
Цялесныя пашкоджанні з-за няправільнага выкарыстання піратэхнічных сродкаў у Беларусі з 31 снежня па 1 студзеня атрымалі 27 чалавек, паведаміў журналістам намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення – начальнік упраўлення аховы правапарадку галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў Дзмітрый Кур’ян.
Два выпадкі адбыліся 31 снежня, астатнія 25 – 1 студзеня. У асноўным пацярпелыя звярталіся ў медыцынскія ўстановы з ірванымі ранамі пальцаў рук, траўматычнымі пашкоджаннямі фаланг пальцаў, у тым ліку з пераломамі. Хтосьці атрымаў тэрмічныя пашкоджанні грудзей, хтосьці – пашкоджанне твару. Некаторыя з тых, хто звярнуўся, знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.
Усім ахвярам неасцярожнага абыходжання з навагоднімі феерверкамі аказана своечасовая медыцынская дапамога.