Ад працоўнага камбіната трыкатажу да кіраўніка фракцыі ў парламенце
Трыццаць гадоў таму, ў сакавіку 1991 года, ў Беларусі быў адроджаны сацыял-дэмакратычны рух – паўстала Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада. Утварэнне партыі, якая стала трэцяй зарэгістраванай палітычнай структурай у тады яшчэ БССР, адбылося дзякуючы руплівай працы гісторыкаў Міхаіла Ткачова, Міхаіла Чарняўскага, пісьменнікаў Анатоля Вярцінскага, Сяргея Законнікава ды шэрагу іншых выбітных асобаў.
Безумоўна, унёсак у станаўленне той Грамады зрабіў кожны ўдзельнік Устаноўчага з’езду, які адбыўся ў Менску 2-3 сакавіка. Партыя стала сапраўдным грамадскім цэнтрам кансалідуючым розных людзей: навукоўцы, літаратары, прадстаўнікі тэхнічнай інтэлігенцыі, працоўныя. Шмат што значыла асоба старшыні – Міхаіла Ткачова. Аўтару гэтых радкоў давялося пагутарыць з многімі ўдзельнікамі першага з’езду. Ва ўсіх моцнае ўражанне ад Ткачова, якога называюць сапраўдным лідарам, які ўмеў знаходзіць станоўчае рашэнне ў будзь-якой сітуацыі, дамаўляцца і чуць. За невялікі тэрмін кіравання БСДГ, ён зрабіў яе перпектыўнай палітычнай сілай, але заўчасная смерць і дальнейшыя ўнутрыпартыйныя разборкі паплечнікаў фактычна змарнавалі справу… Але зараз не пра тое.
На днях, зусім выпадкова, патрапіла з паліцы ў вочы выданне “Палітычныя партыі Беларусі – неабходная частка грамадзянскай супольнасці”. Гартаючы старонкі знайшоў інфармацыю акурат пра сацыял-дэмакратаў. У траўні 1991 года ў Вярхоўным Савеце ўтварылі фракцыю Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, кіраўніком якой стаў дэпутат Віктар Алампіеў. Яго абралі ў парламент у 1990 годзе па тагачаснай Пінскай-Паўночнай акрузе №134. Пра першыя альтэрнатыўныя выбары ў Беларусі нашае радыё падрабязана распавяло ў матэрыялах: Пінск-1990: галасую за Беларусь! ды Выбары-1990: другі і трэці тур былі яшчэ «гарачэй». Дарэчы ў іх узгадваецца і Алампіеў, але без асаблівай увагі. Цяпер жа, як пінчук, больш зацікавіўся “народным абраннікам” ад Пінска, які быў заўважнай постаццю ў Вярхоўным Савеце.
Агітацыйныя матэрыялы выбарчай кампаніі 1990 года.
Інфармацыі ў СМІ пра Алампіева, прынамсі даступнай ў сеціве, не шмат ды даўняя. Таму натуральна, што ў першую чаргу пацікавіўся ў ягоных паплечнікаў пра стан здароўя Віктара Пятровіча. Усё добра, наўпрост чалавек адыйшоў ад актыўнай грамадска-палітычнай дзейнасці яшчэ напачатку 2000-х гадоў. Ды гэта і не важна, бо прыгадваем гісторыю 1991 года. Віктар Пятровіч Алампіеў нарадзіўся 15 красавіка 1947 года ў Добрушы Гомельскай вобласці. Пасля сканчэння мясцовай школы паступіў у Гарадзенскі педагагічны інстытут, які скончыў у 1969 годзе. Працоўны шлях пачаў настаўнікам фізікі ў сярэдняй школе №2 горада Іванава, што на Берасцейшчыне. У 1971 годзе ў Пінску ўладкаваўся на камбінат верхняга трыкатажу начальнікам інфармацыйна-вылічальнага цэнтру (цяпер гэта ААТ “Палессе”). Працуючы на камбінаце завочна адвучыўся ў Беларускім інстытуце народнай гаспадаркі.
Што ж датычна сакавіцкіх выбараў 1990 года ў Вярхоўны Савет і мясцовыя Савета народных дэпутаў, то на той момант Алампіеў быў прэзідэнтам клуба выбаршчыкаў Пінска. Ягоныя агітацыйныя матэрыялы, як і кампанія ў цэлым адрознівалася ад іншых кандытатаў і не толькі камуністаў, але і паплечнікаў па дэмакратычным лагеры. Віктар Пятровіч не штампаваў лозунгі, гучныя абяцанні і г.д., ён апеляваў да здаровага сэнсу грамадзян. Звяртаўся да выбаршчыкаў праз рытарычныя пытанні, лагічныя разважанні, ціснуў на свой прафесійна-жыццёвы досвед. Гэта не перагружала пінчукоў, бо ўсё было без вялікай філасофіі ды і ў той час людзі сапраўды хацелі чытаць альтэрнатыўныя думкі, праграмы.
Адзін з першых мітынгаў апазіцыі ў Пінску, красавік 1990 года. Па цэнтры мастак Яўген Шатохін, побач Віктар Алампіеў.
(…) Задумайцеся, дзе былі 2-3 гады таму тыя кандыдаты, якія сёння выступаюць з такімі цудоўнымі праграмамі, але голас якіх, на жаль, ня быў чутны тады. Дзе былі яны і, ў чым выявілася іх грамадзянская пазіцыя, іх мужнасць? Бо службовае становішча многіх з іх дазваляла зрабіць вельмі шмат па самых балючых пытаннях жыцця людзей. Мы ўпэўненыя, паважаны выбаршчык, што вы не памыліцеся, аддаўшы свой голас за В.П. Алампіева. Гэта чалавек, які добра ведае Вашы праблемы, таму што ён жыве такім жа жыццём, што і Вы. Ён стаіць у тых жа чэргах, ездзіць разам з Вамі ў перапоўненых аўтобусах і ўсю бязладзіцу нашага жыцця адчувае на сабе гэтак жа, як Вы …
Найбольш важныя палажэнні праграмы з’явіліся не сёння і не ўчора. Шмат з таго, што цяпер становіцца законамі і што ахвотна згадваецца ў праграмах шэрагу кандыдатаў, якія сталі на дэмакратычныя пазіцыі толькі напярэдадні выбараў, для Алампіява было прадметам сур’ёзных роздумаў і барацьбы яшчэ тады, калі нешматлікія адважваліся ў поўны голас выступіць за радыкальныя змены ў жыцці грамадства. Тыя, хто ведае В.П. Алампіева па працы, па сумеснай грамадскай дзейнасці, могуць пацвердзіць, што ўжо на працягу некалькіх гадоў, рызыкуючы дабрабытам, нягледзячы на асобы і пасады, Віктар Пятровіч ўпарта і паслядоўна змагаецца за ўсё тое прагрэсіўнае, што з такой цяжкасцю прабіваецца ў нашым жыцці…, – з агітацыйных улётак, якія выдаваліся ад імя Клуба выбаршчыкаў Пінска.
Агітацыйныя матэрыялы выбарчай кампаніі 1990 года.
Алампіеў перамог у другім туры і атрымаў мандат Народнага дэпутата Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання. Ён не забыўся на сваіх паплечнікаў і працягнуў дапамагаць ім у агітацыі ў трэцім туры выбараў, якія адбыліся ў траўні 1990 года. Прынамсі Віктар Пятровіч уласна падрыхтаваў невялікую ўлётку з адозвай да пінчукоў, дзе выказаўся ў падтрымку Яўгена Шатохіна (гл.: Імгненні памяці. Яўген Шатохін). Мастак-фронтавец змагаўся з навукоўцам Анатолем Волкавым за дэпутацтва ў ВС.
(…) Паважаныя выбаршчыкі. Вымушаны звярнуцца да Вас з дапамогай ўлёткі, так як у сапраўдны момант не маю іншай магчымасці. Гарадской рупар партапарата „Палеская праўда” 12 траўня абрынуў на Вас чарговы паток інфармацыі ў абарону вялікага маўчуна, які, як гэта вынікае з яго выступленняў, усё ведаў пра напаткаўшую наш народ бяду (аварыя на Чарнобыльскай АЭС – аўт.), але чакаў, дазволу размаўляць. За гады маўчання Волкава і яму падобным толькі ў нашым горадзе рэзка павялічылася смяротнасць ад анкалагічных захворванняў, захворванняў шчытападобнай залозы, захворванняў крывятворнай тканіны. У горадзе больш за чатыры тысячы дзяцей патрабуюць экстранай дапамогі, а сваю актыўнасць Волкаў А.Я. пачаў праяўляць толькі пасля вылучэння яго кандыдатам у Народныя дэпутаты і пры гэтым даючы людзям ілжывую інфармацыю пра сябе і сваіх заслугах. Землякі! Няўжо Вы дазволіце сябе падмануць. Ваша права прагаласаваць ці не за Шатохіна Я.С., якога я лічу годным прадстаўляць Вашыя інтарэсы, але я ўпэўнены, што Вы не павінны давяраць вырашаць свой лёс і лёс Вашых дзяцей Волкаву.
Пра якую “ілжывую інфармацыю” гаварыў Алампіеў? У красавіку 1990 года група з дзесяці навукоўцаў, усе тады супрацоўнікі Палескага комплекснага аддзела БелНДІМ і ВГ (Беларускі навукова-даследчы інстытут меліярацыі і воднай гаспадаркі) склалі ліст у рэгіянальную газету “Палеская праўда”. У лісце ставіліся пад сумнеў навуковыя дасягненні Волкава і некаторыя ягоныя біяграфічныя звесткі. Такі тэкст газета падкантрольная Кампартыі не надрукавала і тады сябры пінскай суполкі БНФ зрабілі з яго асобную ўлётку. Барацьба была “гарачая”, але Шатохін саступіў Волкаву і трапіў толькі ў Пінскі гарадскі Савет дэпутатаў.
21 чэрвеня 1990 года старшыня Вярхоўнага Савета БССР Мікалай Дземянцей падпісаў пастанову аб стварэнні Камісіі ВС па эканамічнай рэформе, дасягненню эканамічнай самастойнасці і суверэнітэту рэспублікі. Алампіеў стаў яе сакратаром. У траўні 1991 года Віктара Пятровіча абралі чальцом Камісіі для кантролю сістэмы галасавання на чацвёртай сесіі ВС.
У снежні 1990 года пачаў сваю працу Арганізацыйны камітэт па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады. Акрамя Віктара Алампіева ў яго склад увайшло яшчэ семь парламентарыяў: Анатоль Вярцінскі, Леанід Дзейка, Віталь Малашка, Мікалай Крыжаноўскі, Віктар Какоўка, Яўген Глушкевіч ды Яўген Цумараў.
Дэпутаты Вярхоўнага Савету 12-га склікання Валянцін Голубеў, Лявон Баршчэўскі, Віктар Алампіеў,
Юры Беленькі, Лявон Дзейка, Сяргей Папкоў, кастрычнік 2013 года, Радыё Свабода.
18-21 жніўня 1991 года ў СССР адбылася лёсавызначальная палітычная падзея вядомая як “Жнівеньскі путч”. Гэта была няўдалая спроба вышэйшых савецка-партыйных герантакратаў- рэакцыянераў захаваць уладу КПСС і спыніць перабудову СССР. У той трывожны момант частка дэпутатаў Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў і дэпутат Вярхоўнага Савета В.П. Алампіеў заклікалі пінчукоў не падпарадкоўвацца групе “крамлёўскіх старцаў”. Адважны крок, здзейснены аднымі з першых у краіне.
(…) Насуперак логіцы і здароваму сэнсу, па даўно адрэпеціраваным сцэнары (1964 г. звяржэнне Хрушчова і прыход да ўлады Брэжнева, 1991 г. – Камітэт Нацыянальнага выратавання, Літва) не абвясціўшы заключэння лекараў пра здароўе Прэзідэнта, Янаеў і група „ястрабаў” абвясціла аб захопе ўлады нейкім дзяржаўным камітэтам па надзвычайным становішчы. Ясна, што дзяржаўны пераварот, зроблены невялікай групай асобаў, відавочна непапулярных, але якія маюць у руках, як ім здаецца, „вялікую дубіну” у асобе арміі, дзяржбяспекі і міліцыі, мае намер паставіць на калені народ, задушыць дэмакратыю, што нараджаецца і свабоду відавочна па надуманых падставах „хваробы” Прэзідэнта Гарбачова незаконна захапіць уладу, спрабуюць у чарговы раз падмануць народ крывадушным зваротам да яго. Усё гэта адбываецца напярэдадні падпісання Саюзнай дамовы, дзе наш народ навечна развітваўся з „сацыялістычным” выбарам, бо у назве краіны павінна было быць выкінутае слова „сацыялістычны”. Ясна, што дзяржаўны пераварот здзейснены прыхільнікамі вяртання краіны ў недалёкае мінулае, дзе ўсе мы жылі пад страхам і прыгнётам камуністычнай дыктатуры…Заклікаем вас праявіць грамадзянскую мужнасць, адмовіць у падтрымцы камуністычным дачаснікам…, – заява надрукаваная 20 жніўня 1991 года ў газеце “Пінскі веснік”.
19 траўня 1992 года Вярхоўны Савет стварыў працоўныя міжпарламенцкія беларуска-літоўскую і беларуска-польскую камісіі, Алампіева ўключылі ў склад апошняй. Недзе ў 1993 годзе далучыўся да Апазіцыі БНФ у ВС.
12 красавіка 1995 года падтрымаў галадоўку дэпутатаў фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ў знак нязгоды з рэферэндумам ініцыяваным Аляксандрам Лукашэнкам. Дэпутацкая кадэнцыя скончылася ў студзені 1996 года. У 2000-2001 гадах браў удзел у дзейнасці Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў. Пасля адышоў ад актыўнай грамадскай дзейнасці.
Віктар Алампіеў на лецішчы ў Заслаўлі, верасень 2011 года.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя